Кабякоў: Урад вельмі зацікаўлены ў развіцці прыватнага сектара
Урад мае намер падтрымліваць развіццё прадпрымальніцтва і вельмі зацікаўлены ў развіцці малога і сярэдняга бізнесу, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на VII Міжнародным форуме прадпрымальніцтва ў Менску 13 лістапада.
„У малым і сярэднім бізнесе працуе траціна ўсіх занятых у эканоміцы, і гэта ўжо нямала. Аднак патэнцыял для далейшага развіцця і росту велізарны, і мы маем намер яго выкарыстоўваць”, — падкрэсліў Кабякоў.
„Роля прадпрымальніцтва ў развіцці нацыянальнай і сусветнай эканомікі, стварэнні новых працоўных месцаў і ўстойлівым сацыяльным развіцці высокая. Гэты сегмент эканомікі здольны хутка рэагаваць на зменлівыя ўмовы рынку, генераваць і ў кароткі тэрмін увасабляць інавацыйныя ідэі ў рэальныя праекты„, — сказаў прэм’ер-міністр.
Паводле яго слоў, прыярытэтам дзяржавы з’яўляецца вырашэнне задач па павышэнні цікавасці да прадпрымальніцкай дзейнасці.
„Гаворка ідзе аб стварэнні магчымасцяў для развіцця малых і сярэдніх кампаній, фарміраванні на іх базе пунктаў эканамічнага росту і павышэнні тым самым канкурэнтаздольнасці краіны. У гэтых мэтах у краіне створаны розныя прэферэнцыйныя рэжымы„, — адзначыў Кабякоў.
Ён падкрэсліў, што ўрад пастаянна працуе над паляпшэннем умоў вядзення бізнесу.
„Рэалізуецца комплекс мер па разняволенні дзелавой ініцыятывы. У гэтым годзе мы робім чарговы крок па максімальнай лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. У цесным узаемадзеянні з бізнес-супольнасцю падрыхтаваны пакет дзесяці праектаў нарматыўных прававых актаў. Восем з іх ужо падпісаныя кіраўніком дзяржавы, два дакументы знаходзяцца на яго разглядзе„, — паведаміў Кабякоў.
Паводле яго слоў, сур’ёзна рэфармавана кантрольна-наглядная дзейнасць, акцэнт у працы перанесены на прафілактычны складнік. „Уведзены інстытут падатковых кансультантаў — у прадпрымальнікаў з’явілася магчымасць атрымаць прафесійную параду ў спецыяліста, які нясе адказнасць за свае рэкамендацыі”, — адзначыў прэм’ер-міністр.
Ён таксама заявіў, што ў краіне радыкальна скарачаецца аб’ём абавязковых санітарных і экалагічных нормаў, тэхнічных стандартаў.
„Істотна спрашчаюцца ўмовы пачатку працы прадпрымальнікаў, пашыраюцца магчымасці для доступу да фінансавых рэсурсаў. Праз Банк развіцця ініцыятыўныя прадпрымальнікі могуць на конкурснай аснове атрымаць доўгатэрміновыя крэдыты на прывабных умовах для рэалізацыі сваіх інвестыцыйных праектаў”, — сказаў Кабякоў. БелаПАН