Кадравы крызіс у Беларусі
У беларускай прамысловасці назіраецца кадравы голад. Прадпрыемствы шукаюць тысячы работнікаў, у тым ліку такія гіганты як МТЗ і МАЗ. Але глянем на памежныя Гарадзенскую і Берасцейскую вобласці.
Так на Гарадзеншчыне не хапае 15,6 тысяч работнікаў, пры гэтым у лютым вакансій было менш за 13 тысяч, а значыць, кадравы недахоп павялічваецца. Да прыкладу, шклозавод “Нёман” мае патрэбу ў 117 работніках. На прадпрыемства возьмуць спецыялістаў з навыкамі апрацоўкі шкла і абслугоўвання адмысловага абсталявання, таксама падсобных работнікаў. Заробак ад 550 рублёў да 1200 рублёў. Калектыў прадпрыемства цяпер складае каля 1300 чалавек. У 2008 годзе працавала 4000 чалавек.
Прадпрыемствы Берасцейшчыны шукаюць 13 тысяч работнікаў. За два апошнія месяцы колькасць вакансій вырасла на 1300. Да прыкладу, птушкафабрыка “Дружба” шукае работнікаў з навыкамі разбірання птушкі. Такіх патрабуецца 66 чалавек, а за працу абяцаюць плаціць да 2000 рублёў. На іншым рэсурсе колькасць вакансій ад птушкафабрыкі сягае 200 работнікаў, піша “Наша Ніва”.
“Штадлер” поўнасцю пакідае беларускі рынак?
Міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс паведаміў, што швейцарскі канцэрн “Штадлер” вырабіць для кампаніі LTG Cargo 15 акумулятарных электрацягнікоў на суму больш чым у 200 мільёнаў еўра. Пры гэтым, паводле яго, ніводная дэталь не будзе вырабляцца на заводзе ў беларускім Фаніпалі і ўвогуле прадпрыемства пакідае Беларусь, паведамляе LRT. “Наколькі я ведаю з агульнай інфармацыі, вытворчасць там спынілася, кампанія пайшла адтуль або знаходзіцца ў працэсе адыходу”, — сказаў літоўскі палітык. Сам швейцарскі вытворца пра свой адыход з беларускага рынку пакуль афіцыйна не паведамляў.
Беларускі філіял швейцарскага канцэрна (ААТ “Штадлер Мінск”) быў адкрыты ў 2014 годзе ў Фаніпалі Дзяржынскага раёна. Пастаўкі прадукцыі былі наладжаныя ў краіны Еўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі.
Да канца года ў Беларусі загадалі адрамантаваць усе дарогі
Да канца года ў Беларусі збіраюцца адрамантаваць усе дарогі. Такую задачу на нарадзе з урадам паставіў “профільнаму віцэ-прэм’еру” Аляксандр Лукашэнка. Ён назваў праблему “пытаннем пытанняў”.
Праблема стану дарог актуальная для ўсёй краіны. Да прыкладу, у Гомельскай вобласці 45% дарог маюць “дэфекты пакрыцця”. Грошай на іх рамонт не хапае, а атрымаць іх з Захаду з-за санкцый ужо немагчыма. У рэгіёнах нават пачалі праводзіць семінары па “ямачным рамонце”.
TIME апублікаваў спіс 100 самых уплывовых кампаній 2023 года
У катэгорыі “Піянеры” перамагла дацкая фармацэўтычная кампанія Novo Nordisk. Яна выпускае прэпараты для лячэння дыябету і барацьбы з атлусценнем, якія сталі самымі прадаванымі на амерыканскім рынку сёлета. У катэгорыі “Тытаны” адзначылі найперш MLB (Галоўная ліга бейсбола), якая змяніла правілы гульні, каб скараціць сярэднюю працягласць матчу.
У топе “Лідараў” – брэнд ніжняй бялізны Skims Кім Кардаш’ян, брэнд спартовага адзення і экіпіроўкі Patagonia ды іншыя. Лідар сярод “Інаватараў” – амерыканскае падраздзяленне Kia. Галоўнымі сярод “Разбуральнікаў” назвалі OpenAI — распрацоўшчыка чат-бота ChatGPT, анлайн-платформу для гульні в шахматы Chess.com ды іншых.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: zviazda.by