Калаур: Павялічыць рэзервы да 10 млрд долараў рэальна



Золатавалютныя рэзервы Беларусі рэальна павялічыць да 10 млрд долараў, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, адказваючы на пытанні БелаПАН у кулуарах міжнароднага форуму „БанкІТ-2017” у Менску 18 кастрычніка.

„Для павелічэння рэзерваў мы павінны мець устойлівы рост экспарту на чыстай аснове. Сёлета рэзервы нам удалося папоўніць на 1,2 млрд долараў у асноўным за кошт чыстага продажу замежнай валюты насельніцтвам”, — сказаў Калаур.

Задача, адзначыў ён, у тым, каб рэзервы павялічыліся да 10 млрд долараў „на здаровай аснове”, гэта значыць не за кошт новых запазычанняў.

„Паводле нашых ацэнак, цалкам рэальна папаўняць рэзервы за кошт прыцягнення на ўнутраным рынку замежнай валюты на 1-1,5 млрд долараў у год”, — паведаміў Калаур.

Раней Нацбанк заяўляў, што мінімальны ровень рэзерваў, на які варта арыентавацца Беларусі ў будучыні, — 10 млрд долараў. Такі ўзровень рэзерваў задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазваляў бы краіне пазычаць сродкі на знешніх рынках капіталу на больш выгадных умовах.

На 1 кастрычніка 2017 года золатавалютныя рэзервы Беларусі склалі 7,27 млрд долараў ЗША і павялічыліся з пачатку года амаль у паўтара раза. Хуткі рост рэзерваў адбыўся на фоне размяшчэння ў чэрвені 2017 года новых выпускаў еўрааблігацый на 1,4 млрд долараў.

Фота БелТА