Калаур: Тэмпы росту эканомікі Беларусі застаюцца досыць нізкімі



 Нягледзячы на станоўчую дынаміку, тэмпы росту нацыянальнай эканомікі застаюцца досыць нізкімі, што матывуе да пошуку пунктаў росту і стымулаў, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур 16 студзеня на пасяджэнні Кансультатыўнага савета пры галоўным банку краіны.

Першае сёлета пасяджэнне савета прайшло ў пашыраным складзе, паведамляе прэс-служба Нацбанка. Разам з пастаяннымі членамі ў ім узялі ўдзел прадстаўнікі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук, Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, „Беларусбанка”, кіраўнікі шэрагу структурных падраздзяленняў банка. У межах дыскусіі ўдзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі па пытаннях, звязаных з забеспячэннем устойлівага эканамічнага развіцця, зрабіўшы акцэнт на двух тэмах — значнасці фінансавай стабільнасці для забеспячэння доўгатэрміновага эканамічнага росту і актуальных праблемах узаемадзеяння рэальнага сектара эканомікі і банкаўскай сістэмы.

Як адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, Павел Калаур, актыўны дыспут па праблематыцы ўстойлівага эканамічнага развіцця вядзецца на розных узроўнях эканамічнай улады, у акадэмічным і экспертным асяроддзі. І гэта не выпадкова.

Паводле слоў Калаўра, у цяперашні час, нягледзячы на станоўчую дынаміку, тэмпы росту нацыянальнай эканомікі застаюцца досыць нізкімі. Гэта матывуе да пошуку пунктаў росту і стымулаў, якія забяспечаць больш хуткае і якаснае эканамічнае развіццё. Задача ўскладняецца дынамічна зменлівым знешнім асяроддзем, якое фармуе павышаную няпэўнасць. Для краін з малой адкрытай эканомікай гэта з’яўляецца крыніцай павышаных выклікаў і рызык. Імпарт шокаў можа справакаваць узмацненне ўнутраных праблем і такім чынам зрабіць негатыўны ўплыў на эканоміку.

„Відавочна, што праблематыка, якая разглядаецца сёння, патрабуе комплекснага і сістэмнага падыходу. Меры па павышэнні сукупнай эфектыўнасці эканомікі павінны суправаджацца падтрыманнем здаровага і зразумелага макраэканамічнага асяроддзя, у аснове якога манетарная і фінансавая стабільнасць. Гэта падмурак доўгатэрміновага эканамічнага росту”, — адзначыў Калаур.

Ён выказаў надзею, што Кансультатыўны савет стане добрай пляцоўкай для серыі дыскусій па тэме забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту.

Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжваў павелічэнне ВУП Беларусі ў 2019 годзе на 4%, фактычна за студзень—лістапад ён вырас на 1,1%. Што да планаў на 2020 год, то пасля даручэння Аляксандра Лукашэнкі ўрад павысіў прагноз росту ВУП у новым годзе з 2,5 да 2,8%.

Кансультатыўны савет пры Нацыянальным банку з’яўляецца дарадчым органам, створаны ў верасні 2014 года з прадстаўнікоў Нацбанка, банкаў, грамадскіх і навуковых арганізацый з мэтай прыцягнення шырокага экспертнага патэнцыялу пры распрацоўцы і рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, для фармавання умоў ўстойлівага развіцця банкаўскай і плацежнай сістэм.

belapan.by

Фота БелТА