Калі аблегчаць жыццё бізнесу?
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў паведаміў, што ў бліжэйшы час можа быць падпісаны дэкрэт аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнеса.
Віктар Маргелаў: Зараз дакумент праходзіць узгадненне ў Савеце міністраў, да 19 чэрвеня яго павінны пакласці на стол кіраўніку краіны. Дакумент даволі ўнушальны – каля 200 лістоў.
РР: Ці шмат ўвайшло ў дакумент вашых прапаноў?
Віктар Маргелаў: З таго, што мы прапаноўвалі, прайшло няшмат. Але нам паабяцалі (у тым ліку, і пісьмова), што нашы пытанні па кожнаму накірунку будуць вырашацца асобна за межамі дэкрэта. Паглядзім, як усё будзе адбывацца, але адбылася вельмі сур’ёзная размова з нагоды таго, што сёння найперш трэба бізнесу. Тое, што дэкрэт падрыхтавалі, гэта добра. Але ж ёсць і іншыя балючыя праблемы. Мы іх абмяркоўвалі на самым высокім узроўні па даручэнні кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, і штосьці ўжо пачынае рэалізоўвацца.
РР: А чаму многія вашы прапановы не ўвайшлі ў дэкрэт?
Віктар Маргелаў: Нам сказалі так: маўляў, вы падымаеце няпростыя пытанні, і для неабходнага вырашэння патрэбен час. Таму лепш хутчэй падпісаць дэкрэт, а іншыя пытанні ўжо будуць вырашацца ў працоўным парадку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя