Расейскі крэдыт давядзецца вяртаць у расейскіх рублях (абноўлена)



Кабінет міністраў Расейскай Федэрацыі падпісаў праект дамовы на выдзяленне Беларусі фінансавага крэдыту на суму 110 млн даляраў. Вяртаць яго прыйдзецца ў расейскіх рублях.

У пачатку сакавіка Беларусь спадзявалася атрымаць ад Расеі каля двух з паловай мільярдаў даляраў.

Але адмова ад прыватызацыі беларускіх актываў і палітычная пазіцыя Менску па Украіне, магла прывесці д таго, што Масква дае падобныя “падачкі” кажа беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

Ёсць незадаволенасць Расеі палітычная, не толькі эканамічная. Яна, як бы дае пстрычку па носе: вы так сябе паводзіце, а мы – так.

Летась Расея двума траншамі вылучыла Беларусі 2 мільярды даляраў крэдытаў. Акрамя таго Менск атрымаў крэдыт у 10 мільярдаў даляраў на будаўніцтва АЭС.

* * *

Грашовая маса за студзень-люты ў Беларусі вырасла амаль на 13 %, гэта вынікае з дадзеных Нацыянальнага банку Беларусі.

Летась за цэлы год яна павялічылася на адну траціну, што пры канцы году прывяло разам з расейскім крызісам да дэвальвацыі беларускага рубля.

“Значнае павелічэнне грашовай масы Нацбанк Беларусі плануе і сёлета”, – кажа беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

 – За гэты год шырокая грашовая маса па плане Нацыянальнага банку ўзрасце на 30 працэнтаў. Амаль уся гэтая грашовая маса сыйдзе, а інфляцыю можа быць такога памеру – працэнтаў 20-25. 

Сёлета беларускі ўрад заклаў у бюджэт інфляцыю на ўзроўні 18 працэнтаў, апошнія гады Беларусь уваходзіць у сусветныя лідары па індэксе росту коштаў і інфляцыі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Эканаміст Леў Марголін адзначае: пакуль што дэнамінацыю праводзіць не мае сэнсу, а інфляцыю ўлады ў бліжэйшы час не спыняць.

Дзелавая супольнасць Беларусі прапануе ўраду і Нацбанку ў бліжэйшы час правесці дэнамінацыю. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі расказаў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.

„Рубель – не толькі сродак зберажэння даходаў, але ён яшчэ выконвае і функцыі разлікаў. Калі гэта незразумела Нацбанку, то мы хочам гэта данесці. Таму дэнамінацыя неабходная. У краіне павінен быць нармальны банкнотны рад. Найвялікшая банкнота павінна быць эквівалентнай хоць бы ста долларам. А цяпер яна роўная 13 доларам”, – сказаў Калінін. „Да таго ж у краіне ўжо ёсць надрукаваныя новыя грошы”, – дадаў ён.

Аляксандр Калінін лічыць, што з беларускіх грошай “можна спакойна прыбраць чатыры нулі”.

Нагадаем, што прадстаўнікі Нацыянальнага банка даўно не аспрэчваюць неабходнасць дэнамінацыі, але яны агучвалі думку, што яе мае сэнс праводзіць пры інфляцыі менш за 10%.

“Мы, здаецца, такой інфляцыі не дачакаемся, а будзем цягаць грошы мяшкамі”, – адзначыў кіраўнік прадпрымальніцкага саюза.

Леў Марголін: Сёння дэнамінацыю праводзіць не мае сэнсу, хоць я разумею і бізнесоўцаў, і пакупнікоў, якім вельмі цяжка аперыраваць вялізнай колькасцю нулёў. Але ж для дзяржавы дэнамінацыю можна праводзіць толькі ў тым выпадку, калі інфляцыя больш-менш скароціцца. Інакш гэта толькі марнаванне грошай.

РР: Нацанк заяўляе, што дэнамінацыю можна праводзіць пры інфляцыі менш за 10%…

Леў Марголін: Дэнамінацыя праводзіцца, калі інфляцыя ўкладваецца ў адназначныя лічбы.

РР: На ваш погляд, калі краіна можа прыйсці да гэтага?

Леў Марголін: Скажу парадаксальную рэч – краіна можа прынцыпова выйсці на такі ўзровень інфляцыя тады, калі гэтага захоча ўлада. Рэцэпты вядомыя, нічога суперскладанага няма. Але няма і жадання ўлады. Як быццам звычка ўжо з’явілася працаваць ва ўмовах інфляцыі, якая бы тая вада пакрывае ўсе хібы ў галіне эканомікі. Таму маё меркаванне такое – пры гэтай уладзе інфляцыя не спыніцца ніколі.

РР: Няўжо такая сітуацыя задавальняе чыноўнікаў?

Леў Марголін: Каб яна іх не задавальняла, дык яны б рабілі тое, штто патрэбна – займаліся б рэфармаваннем эканомікі. Але не ж гэта не робіцца, бо пагражае існаванню ўлады. Ёсць такое зручнае прыстасаванне, як інфляцыя, якую ўжо навучыліся выкарыстоўваць.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя