Калі „Камунарка” пастаўляла прадукцыю ў Данецк, яе чакаюць санкцыі



Украінскі бок адсочвае пастаўкі беларускай прадукцыі на свае „часова акупаваныя тэрыторыі” — у Данецкую і Луганскую вобласці, а таксама Крым. Пра гэта ў інтэрв`ю БелаПАН заявіў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

«Тут пытанне неадназначнае, таму што наяўнасць беларускіх тавараў на паліцах у крамах на часова акупаваных тэрыторыях не заўсёды азначае, што гэта прамыя пастаўкі. Мы, вядома, вывучаем і адсочваем гэтае пытанне. Часам беларускія тавары трапляюць туды праз пасрэднікаў, якія купляюць беларускія тавары ў расійскіх фірмаў», — сказаў пасол.

Паводле яго слоў, Украіна афіцыйна папярэджвала беларускі бок пра тое, што:

«Калі беларускія кампаніі наўпрост пастаўляюць прадукцыю баевікам, то супраць іх будуць уведзеныя санкцыі». «Прычым не толькі з боку Украіны — мы пастараемся зрабіць усё, каб гэтыя санкцыі былі ўведзеныя Еўрасаюзам таксама», — дадаў Кізім.

Дыпламат адзначыў, што нядаўна тэлеканал „Белсат” апублікаваў вынікі ўласнага расследавання з нагоды паставак беларускай прадукцыі ў Данецкую і Луганскую вобласці.

„Там, напрыклад, „Камунарка” сказала, што наўпрост працуе з Данецкам. Я звязаўся з беларускімі калегамі, папрасіў разабрацца і пракаментаваць ўсё гэта. У мяне няма падстаў галаслоўна верыць гэтым фактам, але ў выпадку пацвярджэння гэтых звестак „Камунарка” дакладна трапіць у чорны спіс і не зможа пастаўляць прадукцыю на тэрыторыю Украіны”, — папярэдзіў пасол.

Ён падкрэсліў, што ўкраінскі бок пастаянна працуе над гэтай праблемай. „І вынік ёсць. Сведчанне гэтаму — тое, што ў гэтым жа матэрыяле (матэрыяле „Белсата”.) прадстаўнікі іншых прадпрыемстваў сказалі, што ёсць рэкамендацыі МЗС Беларусі, каб такога не рабіць. Наша праца ў гэтым і заключаецца: мы інфармуем, беларускі бок прымае пэўныя захады для таго, каб выключыць такія пастаўкі. Для нас галоўнае — каб беларускі бок разумеў сітуацыю і рэагаваў», — заявіў пасол Украіны.

БелаПАН