Калі пачнуць расці заробкі?



«Пакуль падставаў для росту заробкаў няма», — лічыць эканаміст Леў Марголін.

Сярэдні заробак беларусаў зніжаецца, а вось па росце коштаў Беларусь займае чацвёртае месца сярод краінаў былога Саюза. Наперадзе — Украіна, дзе была вайна, Малдова ды Расея.

Леў Марголін: Уздыму заробкаў бліжэйшым часам чакаць ніяк не даводзіцца, бо рэформаў няма і таксама не прадбачыцца. А зніжэнне заробкаў будзе працягвацца, бо адбываецца заняпад беларускай эканомікі. Гэта звязана паміж сабой на 100 %. Заробкі будуць, напэўна, зніжацца павольна, але, калі я раней казаў, што беларускім прадпрыемствам рэальна плаціць сваім працаўнікам 300-350 даляраў, дык цяпер і 200 даляраў большасць прадпрыемстваў (асабліва рэгіянальных) ледзь пацягнуць.

РР: Калі МВФ дасць крэдыт, ці могуць улады за кошт гэтага падняць заробкі некаторым групам насельніцтва?

Леў Марголін: Безумоўна, але гэта будзе датычыцца толькі бюджэтнікаў. Перш за ўсё – прадстаўнікоў сілавых органаў, чыноўнікаў… Я не думаю, што грошы, якія нават і будуць атрыманыя, дойдуць да настаўнікаў ці лекараў. Тут таксама ніякіх ружовых мараў няма.

РР: Які ваш прагноз на наступны год?

Леў Марголін: Краіну чакае чарговае зацягванне пасаў. Нездарма сустаршыня Беларускага саюза жанчын і былы міністр працы і сацыяльнай абароны Антаніна Морава ўжо пачала прасоўваць думку, што для жанчын тры гады ў дэкрэце – гэта марнатраўства. Усё будзе рабіцца дзеля эканоміі бюджэту. Гэта і пройдзе чырвонай лініяй у наступным годзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя