Калі ўлады не пойдуць насустрач ІП, іх скарачэнне стане абвальным
Калі ўлады не пойдуць насустрач ІП, іх скарачэнне стане абвальным. Такое меркаванне выказаў старшыня РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка, каментуючы апошнія звесткі афіцыйнай статыстыкі.
Згодна з данымі Белстата, на 1 снежня 2017 года ў краіне дзейнічала 141,4 тыс. юрыдычных асоб і 244,3 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 снежня 2016 года знізілася на 1%, ІП — на 5,1 тыс., або на 2,1%. З пачатку года колькасць юрыдычных асоб зменшылася на 0,9%, ІП — на 1,3%.
Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 50.427 (за год іх колькасць скарацілася на 0,6%). У Менскай вобласці — 26.230 (зніжэнне на 1%), у Берасцейскай — 14.556 (на 0,4%), Гомельскай — 13.900 (на 0,1%), Віцебскай — 12.931 (на 2,6%), Магілёўскай — 11.811 (на 3%), Гарадзенскай — 11.542 (на 0,8%).
Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Менску — 79.088 (за год іх колькасць знізілася на 1,6%). У Менскай вобласці іх налічвалася 37.559 (змяншэнне на 0,6%), у Берасцейскай — 32.281 (на 1,7%), Гомельскай — 26.673 (на 1,1%), Гродзенскай — 24.364 (на 5,5%), Магілёўскай — 22.772 (на 2%), Віцебскай — 21.569 (на 3,9%).
Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,6% агульнай колькасці дзейных арганізацый і ў параўнанні з 1 снежня 2016 года скарацілася на 0,1 працэнтнага пункта.
З 141,1 тыс. арганізацый дзейнасць у сферы вытворчасці ажыццяўлялі 31,9 тыс. (22,6% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 109,5 тыс. (77,4%).
„На сустрэчы 22 снежня з бізнес-коламі Лукашэнка казаў пра адказнасць бізнесу, — адзначыў Шумчанка. — Нам час задаць сустрэчнае пытанне: а хто адкажа за ўсіх ІП, якія закрыліся і закрываюць свой бізнес з-за таго, што ўлады не ідуць ім насустрач і не рэагуюць на іх прапановы па паляпшэнні ўмоў для сваёй дзейнасці? Улады не слухаюць прадпрымальніцкую супольнасць і цалкам ігнаруюць нашы прапановы, выкладзеныя ў рэзалюцыі кастрычніцкага форума прадпрымальнікаў, праведзенага „Перспектывай”.
Суразмоўца нагадаў, што за 2017 год праведзеныя чатыры такія форумы, якія сабралі тысячу чалавек. „Але на сустрэчу з Лукашэнкам нас не запрасілі, нашы прапановы ігнаруюць, а колькасць ІП скарачаецца. Што нам трэба зрабіць, каб дзяржава звярнула ўвагу на гэтую праблему? Ці яна будзе чакаць, калі ІП знікнуць цалкам?” — сказаў кіраўнік аб’яднання прадпрымальнікаў.
Ён адзначыў, што за гэты год раздробны таваразварот у ІП скараціўся ўдвая. „Улады спецыяльна знішчаюць нас як сектар эканомікі? Я думаю, што ў наступным годзе будзе працягвацца павальнае скарачэнне прадпрымальнікаў, калі ўлады не задаволяць патрабаванні „Перспектывы” і не прыбяруць камяні з дарогі для нашай дзейнасці. Калі б мы дамагліся кампрамісу па ключавых пытаннях, то мы б самі ўключыліся ў працу для скарачэння абвалу, далі б сігнал ІП, што варта крыху пацярпець і адносіны да нас змяніцца, бо вырашаныя асноўныя пытанні, якія дазваляюць упэўнена глядзець у будучыню„, — запэўніў кіраўнік „Перспектывы”.
„Інакш будзе абвал закрыццяў. Шмат заяў яшчэ ляжаць у падатковых інспекцыях. Тое, што ІП закрываюцца, — гэта самая нізкая ацэнка дзеянняў ўрада, кіраўніцтва краіны, яго палітыкі. Яны працягваюць ісці сваёй дарогай, нікога не слухаючы. І прыйдуць да таго, што знішчаць ІП, а за намі ж развіваецца сярэдні і буйны бізнес„, — падсумаваў Шумчанка.
Як паведамлялася раней, пералік асноўных праблем і патрабаванняў ІП лёг у аснову рэзалюцыі кастрычніцкага форуму прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі патрабавалі ўкараніць патэнтную сістэму для ІП, занятых у раздробным гандлі; пазбавіць іх абавязку рабіць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва за непрацоўны перыяд; адмяніць абавязацельства, паводле якога ІП, што гандлююць у раздроб нехарчовымі таварамі, павінны пацвярджаць адпаведнасць прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.
Яны таксама патрабавалі ўключыць у Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце прадстаўнікоў „Перспектывы”; знізіць штрафы і забараніць адабранне і канфіскацыю ў ІП тавараў за парушэнне ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці; забараніць усе віды праверак суб’ектаў малога бізнесу на пяць гадоў і навязванне экспертызы якасці тавараў.
Акрамя гэтага, прадпрымальнікі патрабавалі ад уладаў прымусіць арэндадаўцаў ўсіх формаў уласнасці не павышаць арэндную плату для ІП больш як на паказчык інфляцыі; не пашыраць пералік тавараў, якія падлягаюць радыёчастотнаму маркаванню; не распаўсюджваць на ІП патрабаванне аб электронным тавараабароце ў межах будучага указа прэзідэнта „Аб стварэнні нацыянальнай сістэмы прасочвання”; вырашыць праблему з нядобрасумленнымі гандлярамі з Сярэдняй Азіі. БелаПАН