Каля 12% спажыванай у Літве электрычнасці выраблена на БелАЭС
Каля 12% спажыванай у Літве электрычнасці выраблена на Беларускай АЭС, заявіў 3 лютага журналістам старшыня камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне сейма Літвы Лаўрынас Кашчунас. Пра гэта паведамляе партал Delfi.
„У месяц гэта 11 млн еўра. Можна сказаць, што [літоўскія] спажыўцы плацяць за [Беларускую] АЭС”, — адзначыў Кашчунас.
Паводле слоў дэпутата, пытанне блакавання паступлення вырабленай на БелАЭС электраэнергіі на рынак Літвы „цесна звязана з праектам сінхранізацыі” літоўскай энергасістэмы з энергасістэмай Еўразвязу. Цяпер энергасістэма Літвы сінхранізаваная і працуе паралельна з сістэмамі Беларусі, Расеі, Эстоніі і Латвіі, якія разам утвараюць электрычнае кальцо БРЭЛЛ. Таму, падкрэсліў Кашчунас, важна „як мага хутчэй вырашыць рознагалоссі з Эстоніяй і Латвіяй”.
„Але ўсе мы разумеем, што цяперашняя сітуацыя на руку пэўнай групе або асобным кампаніям у пэўных краінах, — сказаў парламентарый. — Вядома, гэтыя кампаніі, якія жывуць за кошт такіх схем, могуць рабіць усё, каб сінхранізацыя праходзіла павольней ці ўвогуле не працякала. Вось аб чым трэба думаць”.
Міністр энергетыкі Дэйнюс Крэйвіс, выступаючы на сённяшнім пасяджэнні парламенцкага камітэта па нацбяспецы і абароне, прадставіў дадзеныя, паводле якіх, у апошнія дзесяць дзён „палова ўсёй электраэнергіі, якая паступіла ў Літву праз беларуска-літоўскае злучэнне [электрасетак], паходзіла з Беларусі, а другая палова — з Расеі”.
„Яшчэ столькі ж электраэнергіі купляюць на біржы ў Латвіі. Паколькі ў нас утварыўся велізарны дэфіцыт электраэнергіі, мы электрычнасць выкарыстоўваем і плацім за яе”, — канстатаваў чыноўнік. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра 77 млн кілават-гадзін электраэнергіі.
„У грашовым эквіваленце гэта амаль 4 млн еўра. Калі так усё будзе працягвацца, то 120 млн еўра за год заплацім на далейшае будаўніцтва БелАЭС. Таму важна ў будучыні зрабіць так, каб не фінансаваць [будаўніцтва] другога, трэцяга блокаў”, — заявіў Крэйвіс.
Кіраўнік літоўскага энергетычнага ведамства падкрэсліў, што ў сярэдзіне лютага Літва „прадставіць новую пазіцыю па перамовах з Латвіяй і Эстоніяй”. „Калі мы такімі тэмпамі будзем прасоўвацца наперад, то будзем імпартаваць з трэціх краін у чатыры разы больш электрычнасці, чым у 2020 годзе”, — дадаў міністр.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца ў Гарадзенскай вобласці, недалёка ад мяжы з Літвой, пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200 (першы блок гатовы на 99%, другі — на 78%). Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.
Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 13 студзеня 2021 года блок вывелі на 100-працэнтную магутнасць. Цяпер працягваецца перыяд яго доследна-прамысловай эксплуатацыі.
У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у камерцыйную эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.
Самым актыўным крытыкам БелАЭС з’яўляецца Літва. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.
У пачатку лістапада Літва на падставе „антыастравецкага” закона заблакавала магчымасць камерцыйных паставак беларускай электрычнасці ў сувязі з энергетычным пускам БелАЭС. Міністр энергетыкі Літвы неаднаразова заяўляў, што гэта заканадаўства парушаецца і ў краіну ўсё роўна трапляе беларуская электрычнасць.