Каля 18 тысяч жыхароў Менска заявілі, што яны не „дармаеды”
Каля 18 тысяч жыхароў Менска не лічаць сябе „дармаедамі”, паведаміла 15 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску Галіна Гурыновіч.
Паводле яе інфармацыі, у цэлым па Беларусі паслана 470 тыс. паведамленняў. Даных па Менску няма, бо яны высылаліся цэнтралізавана, а не падатковымі органамі сталіцы.
18 тыс. жыхароў Менска падалі ў падатковыя інспекцыі пісьмовыя тлумачэнні і далі адпаведныя дакументы для вызвалення ад выплаты збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў за 2015 год. Гэты збор уведзены дэкрэтам № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” (так званага дэкрэта аб дармаедах).
„Яны, на іх думку, не з’яўляюцца плацельшчыкамі дадзенага збору”, — патлумачыла Гурыновіч. Яна паведаміла, што на гэты час праходзіць разгляд атрыманых заяў.
„Падатковыя інспекцыі працуюць цяпер у напружаным рэжыме з-за такой вялікай колькасці зваротаў. Тым больш у дачыненні да кожнага грамадзяніна будзе выносіцца асобнае рашэнне. Адзін з трох варыянтаў: або пацвярджэнне неабходнасці выплаты, або ўнясенне змяненняў у суму выплаты, або паведамленне цалкам анулюецца”, — сказала намеснік начальніка інспекцыі.
Яна запэўніла, што кожная сітуацыя разглядаецца „асобна, вельмі крэатыўна і ўважліва”. Паводле яе слоў, сітуацыі могуць быць падобнымі, але па сутнасці рознымі.
Грамадзяне могуць падаваць заявы і дакументы любым зручным для іх спосабам (асабіста, праз давераных асоб, па пошце, у выглядзе электроннага паведамлення). „Апошнім асабліва часта карыстаюцца тыя, хто пражывае за мяжой. У МПЗ таксама ёсць сэрвіс „электронны зварот”. Менавіта на гэты сэрвіс пасылаюцца пісьмовыя тлумачэнні з самых розных краін з прымацаванымі файламі, з доказамі, што грамадзяне знаходзіліся па-за тэрыторыяй Беларусі”, — сказала Гурыновіч. Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, з’яўляюцца найбольш законапаслухмянымі і самі без папярэджання высылаюць неабходныя тлумачэнні і дакументы.
Начальнік сталічнай інспекцыі нагадала, што тэрмін выплаты збору за 2015 год быў перанесены да 20 лютага 2017 года, таму што былі праблемы і памылкі „ў працэсе стварэння базы даных, якія дапусцілі некаторыя ведамствы”. Так, у базу трапіла частка студэнтаў ВНУ дзённай формы навучання, а таксама тыя, што знаходзяцца на тэрміновай службе ў войску.
Гурыновіч паведаміла, што на 13 лютага ў сталічныя падатковыя органы ўжо паступіла аплата збору ад 15 тыс. грамадзян на суму 4,2 млн рублёў. „Падаткаплацельшчыкі істотна актывізаваліся за апошнія дні. На 5 лютага аплата паступіла ад 12 тыс. чалавек”, — сказала прадстаўнік падатковай службы.
Яна таксама нагадала, што грамадзяне маюць права звярнуцца ў мясцовыя органы з заявай аб вызваленні ад выплаты ў сувязі з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. На 10 лютага праз службу „аднаго акна” адміністрацый раёнаў Мінска паступіла 935 заяў, разгледжана і паступіла ў падатковую інспекцыю 99 рашэнняў, з іх па 17 атрымана вызваленне ад выплаты збору.
belapan.by