Каля Гародні паўстане яшчэ адно вялікае хімічнае прадпрыемства



У Гародні з экалогіяй і так складваецца па-рознаму. Калі ў 2008 годзе ў горадзе быў зарэгістраваны самы нізкі ўзровень забруджвання паветра ў Беларусі, то ўжо ў 2010 горад займаў пятае месца ў рэйтынгу самых брудных гарадоў Беларусі, выкідаючы ў паветра забруджанні аб’ёмам каля 16-ці тысяч тон. Сярод шкодных вытворчасцяў называліся таксама “Гродна Хімвалакно”, ТЭЦ-2, КБМ і “Гарадзенскі шклозавод”. Праўда, з гадамі сітуацыя паляпшаецца, і ўжо ў 2015 годзе ўзровень выкідаў у горадзе склаў прыкладна 10 тысяч тон, а ў 2019 улады заявілі, што стан паветра ў горадзе – добры, у тым ліку па ўтрыманні ў ім аміяку. Будзем спадзявацца, што так яно і ёсць. Заўсёды прыгадваю, што падчас заняткаў ці вучэнняў па бяспецы, у нас праводзілі і вучэнні на выпадак аварыі на прадпрыемстве “Гродна Азот”. Трубы гэтага прадпрыемства бачныя са шматлікіх кропак горада і дымяць яны кругласуткава. Для гарадзенцаў – звыклая карцінка, у цёмны час сутак “Азот” выглядае нават прывабным, калі свеціцца шматлікімі агеньчыкамі. Хоць за гэтым хаваецца сур’ёзная хімічная вытворчасць, якая ў надзвычайных умовах пагражае жыццю людзей.

Здаецца, што Гародня свой ліміт шкодных заводаў выкарыстала. Але не туды тое. Буйная бельгійская кампанія мае намер пабудаваць завод па вытворчасці ўгнаенняў – найперш тыясульфату амонію. Завяршыць будаўніцтва плануюць у 2024 годзе на пляцоўцы Свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”, плошчай чатыры гектары, размешчаную ў Аульсе. Планаваны аб’ём вытворчасці – 100 тысяч тон прадукцыі штогод для ўнутранага выкарыстання і паставак у краіны Усходняй Еўропы. Пры гэтым выбар Гародні для гэтага завода тлумачыцца акурат наяўнасцю прадпрыемства “Гродна Азот”, маўляў, асноўным кампанентам для ўгнаенняў з’яўляецца аміяк, які акурат і вырабляюць на “Азоце”. То бок будаўніцтва вялікага хімічнага завода тлумачаць наяўнасцю ў горадзе іншага шкоднага хімічнага завода. Цяпер атручваць горад можна будзе з розных бакоў. Адразу паўсталі паралелі з заводам акумулятарных батарэй пад Берасцем, супраць якога некалькі гадоў змагаюцца мясцовыя жыхары, баючыся за сваё здароўе і экалогію.

Я ўвогуле ніяк не магу зразумець, чаму хімічныя вытворчасці паўстаюць каля населеных пунктаў, у непасрэднай блізкасці да іх. Паводле наяўнай інфармацыі, на сайце Гарадзенскага гарадскога выканкама цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне новага хімічнага завода, якое працягнецца да 19 сакавіка. Таму, думаю, варта больш уважліва да гэтага прыглядзецца, а эколагам ды іншым спецыялістам даць грамадству інфармацыю наконт таго, ці ёсць прычыны для непакою.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя