Камерцыйныя банкі Беларусі зніжаюць працэнтныя стаўкі (абноўлена)
“Зберажэнні ў валюце – гэта больш надзейна”, – лічыць эканаміст Барыс Жаліба.
Камерцыйныя банкі Беларусі абвясцілі пра зніжэнне з 17 жніўня працэнтных ставак. З гэтага дня грашова-крэдытныя ўстановы ўстанавілі максімальную стаўку па рублёвых укладах насельніцтва на ўзроўні 20,5% гадавых.
Барыс Жаліба: Стаўкі па ўкладах знізіліся разам са стаўкай рэфінансавання, і для ўкладчыкаў гэта, безумоўна, не вельмі добрая навіна. Аўтаматычна зменшацца дэпазітныя стаўкі, якія жорстка прывязаны да стаўкі рэфінансавання, а таму многія задумаюцца, ці не перавесці рублёвыя ўклады ў валютныя. Хаця стаўкі па іх таксама могуць знізіць, але ж на меншы адсотак. Усё гэта можа прывесці да абсалютнага змяншэння долі рублёвых укладаў у банках. А у нас і так каля 80 адсоткаў укладаў – у валюце. Натуральна, для банкаў такая сітуацыя непажаданая, бо ім патрэбны і рублёвыя рэсурсы.
РР: Што б вы параілі ўкладчыкам: як зараз лепш захоўваць зберажэнні?
Барыс Жаліба: Параіў бы захоўваць у валюце – гэта больш надзейна. І не вельмі прынцыпова, у якой валюце, хаця я б аддаў перавагу даляру, а не еўра. Даляр, на мой погляд, застаецца сусветнай валютай нумар адзін.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Камерцыйныя банкі Беларусі паведамілі пра зніжэнне працэнтных ставак. «Беларусбанк», які з’яўляецца найбуйнейшым трымальнікам укладаў насельніцтва, паведамляе, што максімальная прыбытковасць па дэпазітах фізічных асоб у нацыянальнай валюце цяпер будзе складаць 20,5% гадавых. Такую стаўку камерцыйны банк усталяваў па рублёвых укладах з тэрмінам размяшчэння ад аднаго года. Эканаміст Леў Марголін прагназуе, што і працэнты па валютных укладах насельніцтва таксама знізяцца.
— Гэта ўсё роўна больш за інфляцыю і таму я думаю, то адначасова будуць зніжацца і працэнты па валютных укладах. Не будзе іншага выйсця акрамя як усё ж такі, калі ў каго засталіся свабодныя сродкі як толькі класці іх на дэпазіты па гэтых стаўках. Па сусветных маштабах.
У сваю чаргу «Белаграпрамбанк», які з’яўляецца другім па велічыні партфеля ўкладаў беларускім банкам, таксама абвясціў пра зніжэнне працэнтных ставак па дэпазітах насельніцтва. Пачынаючы з серады банк усталяваў па іх максімальную працэнтную стаўку 20,5% гадавых пры ўмове размяшчэння ўкладу ня менш чым на 370 дзён. Пастаяннае памяншэнне прыбытковасці па банкаўскіх укладах летам гэтага года адмыслоўцы тлумачаць цвёрдай манетарнай палітыкай, якую праводзіць Нацбанк.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя