Камітэт дзяржкантролю прапаноўвае адмяніць адзіны падатак для ІП



У Беларусі трэба адмяніць такі асаблівы від падаткаабкладання, як адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў, лічыць Камітэт дзяржкантролю.

Пазіцыя КДК выкладзеная ў лісце на адрас Мінфіна, які з’явіўся ў тэлеграм-каналах (карэспандэнту БелаПАН удалося пацвердзіць сапраўднасць ліста).

„Камітэт лічыць неабходным разгледзець пытанне аб паступовай адмене для ІП такога адмысловага рэжыму падаткаабкладання, як адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, і пераводзе іх на спрошчаную сістэму падаткаабкладання (ССП) з усталяваннем дыферэнцыяваных ставак падатку ў залежнасці ад віду ажыццяўлянай дзейнасці, абароту і выдаткаў на арганізацыю дзейнасці”, — гаворыцца ў лісце КДК.

На думку дзяржкантролю, дадзены працэс уяўляецца мэтазгодным „пачаць з ІП, якія ажыццяўляюць высокапрыбытковыя віды дзейнасці” (зборка мэблі, асобныя будаўнічыя працы, дадатковыя жыллёва-камунальныя паслугі).

Паводле ацэнкі КДК, матэрыяльныя затраты на аказанне такіх паслуг на практыцы складаюць ад 1% да 10% ад выручкі, а рэнтабельнасць — 60—70%.

„Лічым мэтазгодным таксама прапрацаваць пытанне павышэння ставак падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання да памеру падаходнага падатку для ІП, якія аказваюць паслугі па кіраванні, маркетынгавыя, кансультацыйныя, аўдытарскія, юрыдычныя, бухгалтарскія, паслугі па прадастаўленні інфармацыі. Пры арганізацыі і ажыццяўленні гэтых відаў паслуг плацельшчык нясе нязначныя выдаткі”, — гаворыцца ў лісце КДК.

На думку дзяржкантролю, гэта „дазволіць знізіць прывабнасць для ІП гэтых відаў дзейнасці і будзе спрыяць іх працаўладкаванню на штатную пасаду з выплатай адлічэнняў у ФСАН”.

У сваім лісце, які накіраваны ў Мінфін, КДК таксама звяртае ўвагу на тое, што для мінімізацыі сацыяльных адлічэнняў (у ФСАН) асобныя камерцыйныя структуры пераводзяць свае даходы на індывідуальных прадпрымальнікаў.

„З мэтай зніжэння прывабнасці заключэння дагавораў на аказанне паслуг з ІП для вываду сродкаў лічым мэтазгодным павысіць памер адлічэнняў ІП у ФСАН на асобныя віды дзейнасці”, — гаворыцца ў лісце КДК.

belapan.by

Фота: БелТА