Кампаніі з 15 краін возьмуць удзел у форуме „ТІБО-2018”



Больш за 100 кампаній возьмуць удзел у форуме-выставе „ТІБО-2018”, паведаміў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў на прэс-канферэнцыі ў Менску.

XXV Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях „ТІБО-2018”, які ўключае міжнародную спецыялізаваную выставу і Беларускі кангрэс па тэхналогіях інфармацыйнага грамадства, пройдзе ў Менску 14—18 траўня.

У выставе возьмуць удзел больш за 100 кампаній, якія прэзентуюць прадукцыю з 15 краін (Беларусь, Азербайджан, Арменія, Вялікабрытанія, Егіпет, ЗША, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Літва, Польшча, Расея, Турцыя, Украіна, Японія). Сярод удзельнікаў аператары „Белтэлекам”, МТС, velcom, beCloud, СП „Космас ТБ”, ААТ „МТІС”, „Белпошта” і іншыя.

Як адзначыў міністр, цэнтральнай экспазіцыяй на выставе „ТІБО-2018” стане стэнд „IT-краіна Беларусь”. Будуць прэзентаваныя інавацыйныя распрацоўкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій дзяржорганаў і беларускіх IT-кампаній, рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій, а таксама магчымасці прымянення гэтых распрацовак у ахове здароўя, адукацыі, сферы грамадскай бяспекі, транспартнай галіне, сельскай гаспадарцы і іншых сферах дзейнасці.

Госці выставы змогуць азнаёміцца з вядомымі на сусветным IT-рынку беларускімі распрацоўкамі (інтэрактыўныя сэнсарныя LED-панэлі Newline з тэхналогіяй мульцітач і лічбавыя адукацыйныя рашэнні; гульня World of Tanks; Teslasuit — касцюм віртуальнай рэальнасці; прылада Hypervsn для адлюстравання 3D-выяў; Narcine — медыцынскі імплантат для нейрастымуляцыі электрычным токам; воблачная платформа маніторынгу грамадскай бяспекі KIPOD Safe City і інш.).

Дзелавая праграма форуму „ТІБО” ўключае мерапрыемствы рознага фармату і тэматыкі. Ключавой тэмай стануць асноўныя праблемы лічбавай трансфармацыі.

Форум „ТІБО” праводзіцца з 1994 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых выставачных мерапрыемстваў гэтай тэматыкі ў краінах СНД і Балтыі. Форум штогод прыцягвае ўвагу вядучых беларускіх і замежных вытворцаў тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, сродкаў і сістэм бяспекі, пастаўшчыкоў разнастайных ІКТ-паслуг. У выставе „ТІБО-2017” узялі ўдзел больш за 100 кампаній з 17 краін.

belapan.by