Кампаніі з Беларусі і Польшчы абмеркавалі пытанні развіцця лагістыкі
Пытанні развіцця лагістычнай дзейнасці і інвестыцыйнага супрацоўніцтва польскіх і беларускіх кампаній былі абмеркаваны на дзелавой сустрэчы, якая адбылася 31 студзеня ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны „Гроднаінвест”.
Як паведамляе прэс-служба СЭЗ, з польскага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі кіруючай кампаніі порта Гданьск, кантэйнернага тэрмінала DCT, лагістычнай кампаніі Adampol.
Беларускі бок прадставілі рэзідэнты СЭЗ „Гроднаінвест” і іншыя кампаніі Гарадзенскай вобласці ў сферы лагістыкі — ТАА „Сігікоп Лагістычная кампанія — Гродна”, ТАА „ЗападТрансГраніца”, ТАА „ВЛАТЕ Лагістык”, ТАА „Брэміна Груп”; хімічнай галіны — ТАА „ПЦЦ Канс’юмер Продактс Навігатар”, ААТ „Гродна Азот”. Таксама ў сустрэчы прыняло ўдзел кіраўніцтва аб’яднанай станцыі Гродна Беларускай чыгункі.
Асноўнай тэмай сустрэчы стала кааперацыя ў рамках міжнароднай лагістычнай дзейнасці, у тым ліку транснацыянальнага праекта „Пояс, шлях”. На пасяджэнні кантактна-кааперацыйнай біржы бакі абмеркавалі пытанні нарошчвання таварных патокаў з выкарыстаннем інфраструктуры марскога порта Гданьск і мультымадальнага лагістычнага цэнтра „Гродна”.
Фота grodnoinvest.by