Кампаніі з якіх краін сёлета закрывалі і адкрывалі офісы ў Беларусі
За студзень-верасень 61 замежная кампанія з 20 краін закрыла прадстаўніцтва ў Беларусі. Найбольш закрываліся офісы расейскіх кампаній: такіх было 17. Следам Літва, Нямеччына, Латвія, Эстонія, Швейцарыя, Вялікабрытанія і Чэхія. З гэтых закрытых офісаў большасць звязаныя з краінамі, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі раней назваў “недружалюбнымі”. У іх з пачатку года стала можна адбіраць маёмасць з прычыны неакрэсленых “недружалюбных дзеянняў”. Акцыянерам з гэтых краін нельга прадаваць акцыі ў беларускіх кампаніях без адмысловага дазволу, піша belsat.eu.
Адкрывалі новыя прадстаўніцтвы ў 2,5 разу радзей, чым закрывалі. Сярод адкрытых у лідарах Расея – 17 новых офісаў у Беларусі і гэта 70% ад усіх адкрытых. Таксама рэгістравалі прадстаўніцтвы кампаніі з Аб’яднаных арабскіх эміратаў, Літвы, Казахстана, Кыргызстана, Турцыі і Швейцарыі.
Беларусь збіраецца імпартаваць лекі з Ірана
Беларусь збіраецца імпартаваць лекі з Ірана і гатова спрасціць працэдуры рэгістрацыі медыцынскіх прэпаратаў.
“Добрыя дамоўленасці былі дасягнуты паміж дзяржаўнымі і прыватнымі сектарамі Ірана і Беларусі ў сферы медыцыны і медабсталявання, а таксама ўзаемнага экспарту і сумеснай вытворчасці лекаў”, – заявіў міністр аховы здароўя Ірана Бахрам Эйналахі перад візітам у Менск першага віцэ-прэзідэнта краіны Махамада Мохбера. Паводле слоў іранскага міністра, абедзве краіны хочуць паглыбіць супрацоўніцтва ў гэтай сферы і ліквідаваць перашкоды, у прыватнасці дарагія і доўгія працэдуры рэгістрацыі медпрэпаратаў і медабсталявання ў Беларусі.
“Беларусь запытала імпарт некаторых фармацэўтычных прадуктаў з Ірана, і ў сувязі з гэтым мы будзе імкнуцца да максімальнага супрацоўніцтва. Тым не менш аб’ём вытворчасці некаторых медпрэпаратаў у Іране можа быць недастатковым для экспарту ў іншыя краіны”, – адзначыў міністр аховы здароўя Ірана. (reform.by)
Камітэт дзяржаўнага кантролю заняўся крэдытамі
Камітэт дзяржаўнага кантролю прымае скаргі ад беларусаў, якім адмовілі ў атрыманні крэдыту. З 17 па 19 кастрычніка Камітэт праводзіць гарачую лінію на тэму аказання паслуг насельніцтву ў атрыманні крэдытаў і пазык. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
“Калі з вас неправамерна ўтрымалі камісію пры звароце па атрыманне пазыкі, банк адмовіў у выдачы крэдыту і адправіў да крэдытнага брокера або вы сталі ахвярай падману, звярнуўшыся па атрыманне крэдыту або пазыкі, — тэлефануйце на кароткі нумар 191”, — гаворыцца ў паведамленні КДК.
Газавыя сховішчы Еўразвязу запоўнілі да максімуму за ўсю гісторыю
Запаўняльнасць еўрапейскіх сховішчаў прыроднага газу вырасла да нябачаных раней паказчыкаў, а пастаўленыя кіраўніцтвам Еўразвязу мэты ўдалося выканаць больш як на два месяцы раней за ўстаноўлены тэрмін.
Запасы газу ў Еўрапейскім звязе дасягнулі гістарычнага максімуму. Падземныя сховішчы газу да цяперашняга моманту ўдалося запоўніць на 97,89% ад іх умяшчальнасці. Мэтай, якую раней ставіла перад сабою Еўракамісія, з’яўлялася запаўненне сховішчаў на 90% да лістапада – яе ўдалося выканаць істотна раней за тэрмін, яшчэ ў жніўні.
У той жа час сярэдні кошт закупкі газу ў Еўропе чакана расце з набліжэннем халадоў: у верасні ён складаў 417 даляраў за 1 тысячу кубаметраў, а ў кастрычніку – 475 даляраў за 1 тысячу кубаметраў. (myfin.by)
Беларускае Радыё Рацыя