„АйПаўэр” адклікала дакументацыю свайго завода з экалагічнай экспертызы
Праектная дакументацыя акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” пад Берасцем адкліканая з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Групы кампаній 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць „АйПаўэр”.
Паводле яе інфармацыі, дакументацыя па праекце адкліканая „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”. Пасля ўнясення неабходных звестак „АйПаўэр” зноў падасць праектную дакументацыю на разгляд у Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.
Варта адзначыць, што 14 жніўня праектная дакументацыя завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Тады прэс-служба Групы кампаній 1AK-GROUP паведамляла, што ТАА „АйПаўэр” улічыла дадзеныя раней заўвагі па праекце і з унесенымі зменамі і дапаўненнямі паўторна накіравала дакументацыю ў Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.
„Адзначым, што распрацаваныя змены ў праектную дакументацыю па аб’екце будаўніцтва не звязаны з якім-небудзь павелічэннем уздзеяння на кампаненты навакольнага асяроддзя. Агульны аб’ём выкідаў свінцу і яго злучэнняў, прадугледжаны раней зацверджанай праектнай дакументацыяй, якая мае станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, і справаздачай аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, не змяніўся”, — гаварылася ў гэтым паведамленні.
Таксама ў ім адзначалася, што „раней ТАА” АйПаўэр „атрымала адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы толькі па частцы ўнясення змяненняў у праектную дакументацыю”.
belapan.by