Кампанія „Лідскае піва” салідарызавалася з беларусамі



Кампанія „Лідскае піва” выказвае салідарнасць з грамадзянамі, якія „імкнуцца мірным шляхам вырашыць узніклыя ў беларускім грамадстве супярэчнасці”, гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце кампаніі.

„Адзін з прынцыпаў Olvi Group (фінскі канцэрн, які валодае ААТ „Лідскае піва”.  БелаПАН.) ва ўсіх краінах, дзе прадстаўлены канцэрн, — неўмяшанне ў палітыку. Гэты прынцып зафіксаваны ў групавым кодэксе, — гаворыцца ў заяве. — Разам з тым, у аснове кодэкса ляжыць і непарушны прынцып захавання правоў чалавека. Таму мы салідарныя з кожным мірным беларусам, які адкрыта заяўляе аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, просіць спыніць гвалт і вярнуцца ў прававое поле”.

„Вытворчасць кампаніі працуе ў штатным рэжыме ў мэтах забеспячэння грамадзян напоямі жыццёвай неабходнасці (у прыватнасці, пітной вадой). У дадзены момант мы прыпынілі рэкламныя і іміджавыя праекты. Мы вернемся да камунікацыі, калі на парадку дня не будзе настолькі востра стаяць пытанне выканання базавых правоў і свабод людзей”, — падкрэслілі ў кампаніі.

Калектыў „Лідскага піва” верыць у тое, што „адкрыты дыялог і сінэргія намаганняў усіх грамадскіх інстытутаў дасць магчымасць дапамагчы пацярпелым і пераадолець сацыяльны крызіс”.

belapan.by