Кампанія „Малочны Свет” паскардзілася ў Рассельгаснагляд
Кампанія „Малочны Свет”, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі, накіравала ў Федэральную службу па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі (Рассельгаснагляд) ліст, у якім апавясціла пра выяўленне падробкі сваёй прадукцыі на расейскім рынку.
У прыватнасці, кампанія паведаміла, што ў лютым гэтага года выявіла ў рознічным продажы на тэрыторыі Масквы сметанковае масла „Беларускае”, на этыкетцы якога ў якасці вытворцы быў указаны „Малочны Свет”.
Узор масла, атрыманы ў выніку кантрольнай закупкі, кампанія накіравала на экспертызу, якая ўстанавіла, што прадукцыя не адпавядае патрабаванням Даста. У прыватнасці, ва ўзоры масла былі выяўлены тлушчы расліннага паходжання.
„Акрамя таго, на неадпаведнасць устаноўленым патрабаванням па якасці прадукцыі, на думку ААТ „Малочны Свет”, можа ўказваць той факт, што гэта масла рэалізоўвалася [расейскім] спажыўцам па кошце, загадзя ніжэйшым за рыначны”, — гаворыцца ў паведамленні Рассельгаснагляду аб звароце беларускага вытворцы.
У сваім лісце кампанія „Малочны Мір” таксама праінфармавала Рассельгаснагляд аб тым, што „рэгулярна атрымлівае скаргі ад спажыўцоў на сумніўную якасць вырабленай прадукцыі”, і гэта, на яе думку, „пацвярджае факты вырабу пад выглядам брэнда кампаніі фальсіфікаванай і кантрафактнай прадукцыі”.
„Гэта сітуацыя не толькі наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі прадпрыемства, але і негатыўным чынам адбіваецца на здароўі спажыўцоў”, — лічыць кампанія „Малочны Свет”. Яна просіць Рассельгаснагляд дапамагчы з выяўленнем махляроў, якія падрабляюць беларускую малочную прадукцыю на расейскім рынку.
Нагадаем, у 2017—2018 гадах Рассельгаснагляд неаднаразова прымаў рашэнні аб абмежаванні паставак беларускай мяса-малочнай прадукцыі на расейскі рынак. Падставай для такіх рашэнняў станавіліся факты выяўлення ў складзе прадукцыі беларускіх брэндаў рэшткаў антыбіётыкаў і іншых рэчываў, забароненых пры вытворчасці харчовай прадукцыі.
ААТ „Малочны Свет” — адзін з найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыі, штогод кампанія перапрацоўвае больш за 250 тыс. тон малака. У кампаніі працуе больш за тысячу чалавек, прадпрыемства знаходзіцца ў камунальнай уласнасці і размяшчаецца ў Гародні. БелаПАН