Кампанія velcom стане A1 з 12 жніўня



Кампанія velcom | A1, якая з 2007 года з’яўляецца членам A1 Telekom Austria Group, завяршае фінальны этап свайго рэбрэндынгу. З 12 жніўня яна пяройдзе да выкарыстання ў сваёй аперацыйнай дзейнасці брэнда А1.

„Гэта змяненне стане вынікам рэпазіцыянавання velcom: апошнія некалькі гадоў кампанія актыўна развівала новыя кірункі бізнесу. Так, сёння кліентам кампаніі даступныя паслугі мабільнай і фіксаванай сувязі, воблачнага захоўвання і апрацоўкі дадзеных, інтэрактыўнага тэлебачання, а таксама забаўляльны кантэнт”, — адзначыла прэс-служба кампаніі.

„За з’яўленнем у Беларусі А1 стаіць нашмат больш, чым проста змена лагатыпа velcom. Замацаваннем новага брэнда на рынку мы завяршаем 20-гадовы шлях velcom — першага GSM-аператара Беларусі — і адкрываем новы раздзел у гісторыі кампаніі як правайдара паслуг у сферы тэлекамунікацый, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і забаўляльнага кантэнту. Цяпер нашы кліенты змогуць атрымліваць увесь спектр прадуктаў і паслуг кампаніі ў аднаго пастаўшчыка пад імем А1”, — пракаментаваў генеральны дырэктар velcom | A1 Гельмут Дуз.

На рускай мове назва новага брэнда вымаўляецца як „А один”, варыянт на беларускай мове — „А адзін”. Новыя фірменныя колеры кампаніі — белы ў якасці асноўнага, а таксама чырвоны і чорны ў якасці акцэнтных.

Як растлумачылі ў кампаніі, для кліентаў А1 змена брэнда не пацягне за сабой неабходнасці заключэння новых пагадненняў альбо замены абаненцкага абсталявання (SIM-карт, маршрутызатараў, тэлевізійных прыставак і г.д.). Умовы заключаных раней дагавораў (у тым ліку якія датычацца набыцця абсталявання ў растэрміноўку) захоўваюцца. Пры гэтым на экранах смартфонаў і іншых прылад імя сеткі velcom зменіцца на A1 BY. Выкарыстанне кампаніяй у камунікацыі брэндаў velcom і velcom | A1 будзе спынена пачынаючы з 12 жніўня.

Аб рэбрэндынгу кампаніі ўпершыню было абвешчана 8 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску. „Мы не разглядаем рэбрэндынг проста як змену лагатыпа — для нас гэта стратэгічная трансфармацыя і рэпазіцыянаванне кампаніі, асновай якіх з’яўляюцца шматгадовы вопыт паспяховай працы velcom і лічбавыя інавацыі А1 — аднаго з самых дынамічных брэндаў у сферы тэлекамунікацый і лічбавых паслуг. Працуючы пад уплывовым еўрапейскім брэндам, мы зможам прапанаваць нашым кліентам самыя сучасныя тэхналогіі, прынцыпы працы і высокія міжнародныя стандарты групы кампаній А1 Telekom Austria Group, часткай якой velcom з’яўляецца ўжо шмат гадоў”, — заявіў у красавіку Гельмут Дуз.

A1 — правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ- і кантэнт-паслуг у Беларусі. Камерцыйную дзейнасць кампанія пачала 16 красавіка 1999 года, стаўшы першым мабільным аператарам стандарту GSM у краіне. З лістапада 2007 года кампанія ўваходзіць у склад групы A1 Telekom Austria Group. Да жніўня 2019 года яна вяла аперацыйную дзейнасць пад брэндам velcom.

Абанентамі мабільнай сувязі A1 у Беларусі з’яўляюцца больш за 4,87 млн чалавек, больш як 1 млн хатніх гаспадарак маюць доступ да сеткі фіксаванай сувязі па тэхналогіях GPON і Ethernet ва ўсіх абласных гарадах і большасці раённых цэнтраў. Акрамя таго, A1 прадастаўляе паслугі лічбавага тэлебачання IPTV пад брэндам VOKA, а таксама паслугі захоўвання дадзеных і воблачныя сэрвісы на базе ўласнага дата-цэнтра, аднаго з найбуйнейшых у краіне.

A1 Telekom Austria Group — вядучы правайдар тэлекамунікацыйных паслуг і лічбавых рашэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе з агульным лікам карыстальнікаў больш за 25 млн. Кампанія працуе ў сямі краінах: Аўстрыі, Беларусі, Балгарыі, Харватыі, Славеніі, Сербіі і Паўночнай Македоніі. Агульны даход A1 Telekom Austria Group на рынку тэлекамунікацыйных паслуг і ў фінансавым сектары склаў на канец 2018 года 4,47 млрд еўра. Агульны штат усіх кампаній групы налічвае каля 19 тыс. супрацоўнікаў. A1 Telekom Austria Group з’яўляецца еўрапейскім падраздзяленнем кампаніі Amеrica Mоvil, аднаго з найбуйнейшых сусветных правайдараў бесправадных паслуг.

belapan.by