Каму патрэбна энергія беларускага атама?
Дзякуючы палітыцы ўладаў Беларусі тэма Чарнобыля “адсунутая на завуголле і ўнутры краіны, і ў міжнародным плане”, мяркуе старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У пятніцу, 22 красавіка, АГП правядзе канферэнцыю, прысвечаную будаўніцтву Астравецкай атамнай электрастанцыі на тэму “Эканамічныя ды інвестыцыйныя аспекты атамнай энергетыкі: каму патрэбна электраэнергія беларускага атама?”
– Нам падаецца важным і актуальным вучыць урокі Чарнобыля. А гэта ўжо новая старонка – Астравецкая АЭС. І дыскусія, якая будзе разгорнута ў час канферэнцыі, якраз скіравана да тэмы будаўніцтва Астравецкай АЭС. Мы хацелі звярнуць увагу не толькі на пытанні экалогіі ці бяспекі, але і на эканамічны аспект.
Удзел у канферэнцыі, якую ладзіць Аб’яднаная грамадзянская партыя, возьмуць эксперты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, дыпламаты, а таксама літоўскія палітыкі. Раней было заяўлена, што маюць прыехаць: экс-прэмʼер Літвы Андрус Кубілюс, былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, а таксама дэпутат Еўрапарламента Пятрас Аўштравічус.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя