Каму прадаваць электраэнергію Беларускай АЭС?



Кіраўнікі Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка 26 лістапада ў Маскве сярод іншых тэмаў абмяркуюць і будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Як адзначае аглядальнік Раман Якаўлеўскі, галоўнае пытанне: каму прадаваць электраэнергію, калі АЭС будзе пабудаваная? І гэтае пытанне застаецца пакуль без адказу. Раман Якаўлеўскі таксама нагадвае, што беларуская атамная электрастанцыя будуецца пераважна за расейскія грошы, а гэта 10 мільярдаў расейскіх рублёў. Таму расейскі бок не задавальняюць умовы, якія ставіць Беларусь: удзел ў валоданні АЭС – 50 на 50.

– Праблемы там відавочныя. Я б сказаў, што там ёсць і кітайскія грошы. Наколькі мне вядома, калі пабудуюць гэтую станцыю, будзе створана сумесная з Расеяй прадпрыемства. Падкрэсліваю, у версіі беларускага боку – па 50 адсоткаў, і будуць гэтай электраэнергіяй гандляваць.

Літоўскі прэм’ер Альгірдас Буткявічус нядаўна заявіў, што Літва не мае намер купляць электраэнергію з беларускай АЭС. Літва і Беларусь уваходзяць у адно энергетычнае кола пяці краінаў БРЭЛЛ, якое таксама аб’ядноўвае Расею, Латвію і Эстонію. Літва ды іншыя Балтыйскія краіны маюць намер пакінуць аб’яднанне і сінхранізаваць сістэму з кантынентальнай Еўропай, аднак гэты працэс пачнецца толькі тады, калі разам з Польшчай Еўракамісія вызначыць тэхнічныя параметры.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя