Каму выгадна зніжэнне стаўкі рэфінансавання?
Эканаміст Леў Марголін пракаментаваў чарговае зніжэнне стаўкі рэфінсавання.
Нагадаем, стаўка рэфінансавання ў Беларусі 17 жніўня зніжаецца з 20% да 18% гадавых. Гэта другое за лета зніжэнне стаўкі: 1 ліпеня яна была зніжана з 22% да 20%.
Леў Марголін: Зніжэнне стаўкі рэфінансавання выгадна ўсім, бо гэта робіць больш таннымі крэдытныя рэсурсы. Гэта тое, што можа і павінен рабіць Нацыянальны банк – зніжаць інфляцыю і адпаведна за гэтым — кошты на крэдытныя рэсурсы. Праўда, гэта патрэбная ўмова для таго, каб вярнуцца на шлях устойлівага развіцця, але недастатковая. Бо адных крэдытных рэсурсаў для таго, каб былі інвестыцыі, мала. Ёсць яшчэ неабходнасць для прадпрыемстваў мець канкурэнтаздольную прадукцыю, маецца патрэба знайсці рынкі збыту. А для гэтага неабходны больш сур’ёзныя сістэмныя рэформы.
РР: Ці працягне зніжацца стаўка рэфінансавання?
Леў Марголін: Калі ўдасца захаваць жорсткую грашовую палітыку, калі інфляцыя будзе паступова зніжацца, дык і Нацбанк працягне змяншаць стаўку. Я мяркую, што сёлета мы можам пабачыць яшчэ два такія зніжэнні стаўкі рэфінансавання.
РР: Не пачнуць укладчыкі пасля гэтага забіраць з банкаў рублёвыя дэпазіты?
Леў Марголін: Калі стаўка будзе станоўчай (не большай за інфляцыю), то дэпазіты будуць захоўвацца, бо ніякага іншага выйсця для ўкладчыкаў няма. Дарэчы, зніжэнне рублёвых дэпазітаў залежыць не толькі ад стаўкі рэфінансавання, але і сведчыць аб пагаршэнні жыцця насельніцтва. Дэпазіты маюць дзве функцыі: накапленне грошай і рэзервныя магчымасці. Таму зніжэнне ўзроўню жыцця людзей таксама цісне на дэпазіты, якія народ забірае, каб патраціць на свае патрэбы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя