Канадская калійная кампанія ацаніла зніжэнне паставак з Беларусі
Адзін з найбуйнейшых гульцоў на калійным рынку, канадская кампанія Nutrien апублікавала квартальную справаздачу, у якой закранула сітуацыю ў канкурэнтаў, у тым ліку ў Беларусі.
Паводле ацэнак кампаніі, сёлета (у параўнанні з 2021-м) пастаўкі калію з Беларусі скароцяцца на 50-60%, а з Расеі — на 20-25%. І ў цэлым прагноз глабальных паставак таксама паніжаны. Эксперты патлумачылі гэта слабым попытам з-за вялікіх запасаў у Паўночнай Амерыцы і Бразіліі ў другім паўгоддзі.
У 2023 годзе тэндэнцыя па скарачэнні закупкі з Усходняй Еўропы захаваецца. Пастаўкі з Беларусі паменшацца на 40-60%, з Расеі — на 15-30%.