Канферэнцыя „Беларусь пачынаецца тут” у Гародні



Серыя рэгіянальных эканамічных канферэнцыяў пад назваю „Беларусь пачынаецца тут” пачалася з Гародні.

У памяшканні філіі Беларускай універсальнай таварнай біржы сустрэліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, эканамісты, выкладчыкі дзяржаўных і недзяржаўных установаў. Сярод найбольш важных для Гарадзенскага рэгіёну пытанняў, якія ў дыскусіі падымалі ўдзельнікі,  – гэта як развівацца рэгіёну ў варунках жорсткіх бюджэтных абмежаванняў, слабыя і моцныя бакі Гарадзеншчыны, працоўная міграцыя мясцовага насельніцтва і іншыя. Кажа Аляксандр Чубрык, дырэктар даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджменту.

– Тэмы дыскусійныя максімальна практычна арыентаваныя. То бок, гэта зваротная сувязь, насамрэч. Мабыць з мінулага году ў такім кірунку ўсё развіваецца. Калі мы робім такія абмеркаванні, то пасля мы рыхтуем дакументы і адкрыта публікуем. Нармальны працэс камунікацыі  з аднаго боку ўлады, з другога боку – грамадзяне. А  тут пляцоўка ёсць такая пасярэдніцкая, з якой ёсць магчымасць сабраць такія вынікі.

На падставе даследаванняў відаць, што рост прыватнага эканамічнага сектару Беларусі за апошні час развіваецца большымі тэмпамі ў параўнанні з дзяржаўным сектарам. Гэта можа быць выйсцем з пастак, якія рыхтуюць чыннікі існай мадэлі эканомікі. Кажа Глеб Шымановіч, эканаміст даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджменту.

– Мы ўжо бачым дынаміку памяньшэння колькасці людзей, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Мы бачым, што дзяржпрадпрыемствы адаптуюцца трошкі, яны скарачаюць колькасць працаўнікоў. Куды гэтыя людзі ідуць? Хтосьці едзе за мяжу, хтосьці шукае працы ў прыватным сектары. Развіццё прыватнага сектара ідзе даволі хуткімі тэмпамі, шмат хутчэй, чым эканоміка краіны ўцэлым.

Канферэнцыі пройдуць неўзабаве таксама ў іншых абласных цэнтрах Беларусі з 26-га верасня па 4-га кастрычніка, у Магілёве, Віцебску, Берасці ды Гомлі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня