Канферэнцыю InTech-2020 у Менску перанеслі з-за каронавіруса
VI тэхналагічная канферэнцыя InTech-2020, якая павінна была адбыцца 19 сакавіка ў Менску, перанесеная „ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце”, паведамляе арганізатар форуму кампанія Softline.
„Арганізатар падзеі сочыць за навінамі і надае вялікае значэнне здароўю і бяспецы сваіх кліентаў і партнёраў”, — гаворыцца на сайце канферэнцыі.
InTech — штогадовая тэхналагічная канферэнцыя, пляцоўка для абмеркавання ключавых пытанняў развіцця ІТ-рынку з удзелам бізнесу, ІТ-пастаўшчыкоў і дзяржавы. У рамках форуму ў гэтым годзе запланаванае выступленне больш як паўтара дзясятка спікераў, якія прадстаўляюць сусветныя ІТ-гіганты, беларускія кампаніі, дзяржструктуры Беларусі, а таксама незалежных экспертаў.
Як адзначае арганізатар, нягледзячы на перанос тэрмінаў правядзення форуму, тэматычныя секцыі і даклады InTech-2020 застануцца ранейшымі. Прадстаўнікі сусветных ІТ-кампаній раскажуць пра асноўныя стратэгічна важныя для развіцця бізнесу інавацыйныя трэнды і тэхналогіі на найбліжэйшыя гады.
Пра новыя даты правядзення Intech-2020 будзе паведамлена дадаткова.