Кантрольным органам забароняць прыпыняць дзейнасць прадпрыемстваў
Кантрольныя органы не змогуць прыпыняць дзейнасць прадпрыемстваў па выніках праведзеных праверак. Аляксандр Лукашэнка 22 верасня на сустрэчы з кіраўніком Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанідам Анфімавым даручыў прадугледзець гэтую норму ў праекце ўказа „Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці”. Як паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі, Лукашэнка канстатаваў, што згодна з дзейным заканадаўствам кантрольныя органы могуць часова прыпыняць дзейнасць прадпрыемстваў. „Гэта не справа кантралёраў. Вы павінны пакласці на стол перад кіраўніком прадпрыемства, бізнесменам канкрэтныя прэтэнзіі, і ён хай вырашае: працаваць яму або лепш прыпыніць працу прадпрыемства, — сказаў ён. — Гэта кіраўнік, ён вырашыў прыпыніць — прыпыніў, ліквідаваў недахопы. Не хоча прыпыняць — хай не прыпыняе, але па выніках ён за гэта адкажа„.
Як адзначыў Анфімаў, супрацоўнікі кантралюючых органаў будуць выпісваць прадпрыемствам прадпісанні аб выяўленых парушэннях у якасці папярэджанняў. А рашэнне аб прыпыненні дзейнасці прадпрыемства або працягу працы будзе прымаць кіраўнік.
„Але кіраўнік павінен несці ўсю паўнату адказнасці за наступствы. Калі ён не ліквідаваў парушэнні, а прадпрыемства будзе працаваць, і гэта, не дай бог, прывядзе да нейкіх цяжкіх наступстваў, усё можа скончыцца крымінальным пераследам„, — сказаў ён.
Разам з тым кіраўнік КДК заўважыў, што супрацоўнікі кантрольных органаў змогуць прыпыняць выпуск на прадпрыемстве асобнай прадукцыі, якая пагражае жыццю або здароўю людзей.
Праект указа „Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці” ўваходзіць у пакет дакументаў па стымуляванні дзелавой ініцыятывы, якія былі прадстаўленыя кіраўніку дзяржавы 8 жніўня.
Гаворка ідзе аб праектах рашэнняў аб выключэнні залішніх патрабаванняў, што выстаўляюцца да бізнесу; аб скарачэнні ліцэнзаваных відаў дзейнасці і іх складнікаў; аб стварэнні спрыяльных умоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва; аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці; аб увядзенні механізму падатковага кансультавання; аб дадатковых мерах па стымуляванні развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, напрыклад аграэкатурызму і рамеснай дзейнасці. Некаторыя з дакументаў ўжо падпісаныя кіраўніком дзяржавы.
„Да 1 кастрычніка мы павінны выдаць грамадству і прадпрымальнікам гэтыя дакументы. Канчатковае рашэнне па іх павінна быць дакладна вывераным і ў поўнай меры адпавядаць інтарэсам нашай краіны. Неабходна быць абсалютна ўпэўненымі ў правільнасці задаванага вектара прававога рэгулявання сферы прадпрымальніцтва”, — сказаў Лукашэнка на нарадзе 8 жніўня.
Пры гэтым беларускі кіраўнік падкрэсліў, што дзяржава не павінна страціць кантроль у эканоміцы. „Людзі нам потым гэтага не даруюць. Калі нешта здарыцца, спытаюць з нас, з улады, і менш — з бізнесу”, — адзначыў ён. БелаПАН