Канцэрн Henkel выставіў на продаж свае актывы ў Беларусі і Расеі
Нямецкі канцэрн Henkel выставіў на продаж свае актывы ў Расеі і Беларусі. Кампанія вырабляе ў тым ліку бытавую хімію пад гандлёвымі маркамі Persil, Losk, „Дэні”, „Ласка”, „Пемас”, „Пемолюкс”, Vernel, паведамляе udf.name.
У справаздачнасці кампаніі за першае паўгоддзе 2022 года з’явілася інфармацыя, што актывы ў Расеі і Беларусі пераведзены ў раздзел „на продаж”. На гэта звярнула ўвагу выданне „Ведамасці”. У Расеі кампаніі належыць 12 офісаў і 11 заводаў у розных рэгіёнах. У Беларусі ў Henkel ёсць завод па выпуску будаўнічых сумесяў Ceresit, ён размешчаны ў Заслаўі.
Купіць актывы могуць расейская кампанія „Тэхнаніколь”, або кітайскі, або турэцкі бізнес, гавораць эксперты. Але папярэджваюць, што здзелка будзе няпростай – кошт актываў завышаны.
Сама кампанія ацаніла свае страты ад сыходу з Расеі і Беларусі ў €184 млн, з іх €88 млн – гэта шкоду дзелавой рэпутацыі. Адзначым, што Henkel уваходзіць у спіс 500 найбуйнейшых кампаній свету і працуе больш як у 70 краінах.