Капуста ў Беларусі за год падаражэла амаль удвая



Плодаагароднінная прадукцыя ў гэтым жніўні падаражэла ў беларускіх крамах мацней, чым у папярэднія гады. Рост цэн у параўнанні са жніўнем 2022 года склаў 11,6%. І гэта пры тым, што гадавая інфляцыі ў жніўні апусцілася ніжэй за 3%. “Вельмі рухомыя цэны на плодаагароднінную прадукцыю ў апошнія два гады сталі вынікам цэнавага хаосу 2022 года, рознай ураджайнасці і тэрмінаў уборачнай. Зараз сезонныя цэны, па ўсёй бачнасці, пачалі рост”, — адзначаюць эксперты рэсурсы “Нашы грошы”.

Уласна гародніна пакуль таннейшая за леташнюю на 3%, а кансерваваная — нават на 7%. Але пры гэтым морква падаражэла за год на 23%, агуркі — на 60%, капуста — амаль удвая.

Моцна вырасла ў цане садавіна, якая ўжо на 20% даражэй, чым у жніўні мінулага года. Яблыкі за год падаражэлі на 13%, вінаград — на 40%, а грушы — амаль на 60%.

Першы энергаблок БелАЭС адправяць на планавы рамонт у сярэдзіне восені

Міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч анансаваў планава-папераджальны рамонт на першым энергаблоку Беларускай АЭС, да якога прыцягнуць беларускіх і расійскіх спецыялістаў. Яго словы прыводзіць прэс-служба Мінэнерга. Па словах Каранкевіча, неабходныя рэгламентныя працы павінны пачацца ў першай палове кастрычніка. Сярод іншага, яны будуць уключаць перагрузку ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара – на энергаблоку збіраюцца замяніць чвэрць ад усёй колькасці цеплавыдзяляльных зборак.

“Адпрацаванае ядзернае паліва будзе змешчана ў басейн вытрымкі, які знаходзіцца ў будынку рэактара, а свежае ядзернае паліва загружана ў рэактар – яно пастаўлена ўжо на станцыю, прайшло ўваходны кантроль, знаходзіцца ў спецыяльным сховішчы”, – паведаміў міністр.

Як расейскі бізнес уцякаў з Еўразвязу з лютага 2022 года?

Расейскія мільярдэры на фоне санкцый вывелі з краін Еўразвязу актывы як мінімум на $50 млрд. Такую суму назваў Bloomberg.

Паводле падлікаў агенцтва, гаворка ідзе пра актывы, якія пераводзілі з лютага 2022 года. Пасля прыпынення пагадненняў аб падвойным падаткаабкладанні з шэрагам краін заставацца ў недружалюбных юрысдыкцыях стала непрактычна для расійскага бізнесу.

Пры гэтым, як адзначае Bloomberg, шэраг найбуйнейшых расейскіх сыравінных і тэхналагічных кампаній па-ранейшаму зарэгістраваны ў ЕЗ або іншых дзяржавах. Напрыклад, вытворца угнаенняў EuroChem Group AG мільярдэра Андрэя Мельнічэнкі грунтуецца ў Швейцарыі, а другая па велічыні расейская золатаздабыўная кампанія Polymetal International Plc перарэгістравалася ў Казахстане ў мінулым месяцы.

За хабар затрымалі менеджара Добрушскага фарфоравага завода

Сілавікі паведамілі пра затрыманне службовай асобы ЗАТ “Добрушскі фарфоравы завод”. Падставай для затрымання стаў хабар. Пры сабе ў мужчыны знайшлі 33 тысячы беларускіх і 155 тысяч расійскіх рублёў. Гэта былі грошы ад прадстаўніка камерцыйных структур за своечасовую адгрузку прадукцыі і вырашэнне іншых пытанняў, кажуць у міліцыі. Супраць супрацоўніка завода распачатая крымінальная справа. На час следства яго змясцілі ў СІЗА.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: diatlovonews.by.