Карына Салавей: БелАЭС у ідэале трэба проста спыніць
Акт прыёмкі другога блоку БелАЭС зацверджаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым першы энэргаблок ужо час ад часу патрабуе наладкі. Ці захоўваецца надалей небяспекі ў такім сумесным беларуска-расейскім праекце, і што агулам зараз чуваць пра АЭС у Беларусі – пра гэта распавяла нашая сённяшняя Госця Рацыі, менэджэрка грамадскага аб’яднання „Экадом” Карына Салавей у гутарцы з Алісай Поль.
РР: Ці маглі б вы распавесці, што сёння агулам вядома пра Беларускую АЭС? На вашую думку, чаму гэтая тэма апошнім часам знікае з інфармацыйнай прасторы?
Карына Салавей: Зусім нядаўна праходзілі слуханні падчас запуску другога энергаблоку БелАЭС, літаральна 8 верасня. Канешне, гэта было больш пра інфармаванне. А павінна быць пра улік грамадскага абмеркавання. Гэтага не адбылося чарговы раз. І таму я не магу сказаць, што тэма БелАЭС зусім не гучыць. Таму што як раз была інфармацыйная падстава пра запуск другога энергаблоку. Але атрымалася чарговая прафанацыя. І канешне Дзяржатамнагляд не мог не выдаць ліцэнзію на запуск гэтага энергаблоку. І мы, як актывісты, канешне, супраць таго, што запускаюць другі энергаблок. І супраць першага таксама. І лічым, што БелАЭС варта спыніць.
РР: На дадзены момант, якія магчымасці вы маеце як экаактывісты? Якія правы можаце абараняць? Якія звароты ў сённяшніх умовах пісаць?
Карына Салавей: Што датычыцца менавіта БелАЭС, то вялікіх рычагоў уплыву няма, але з іншага боку гэта і не зусім так, таму што важна адукоўваць і інфармаваць грамадства пра тыя наступствы, якія могуць быць пры якіхсьці непаладках ці аварыях на БелАЭС, інфармаваць міжнародную супольнасць, беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Ёсць выхад і на міжнародную супольнасць, на асобныя грамадскія арганізацыі. На міжнароднай арэне вельмі важна трымаць у фокусе гэтае пытанне.
Што кожны можа зрабіць унутры Беларусі, то гэта, канешне, размаўляць са сваімі сябрамі, са сваімі роднымі, казаць пра тое, што будучыня Беларусі павінна быць безядзернай ва ўсіх сэнсах. Пра тое, што беларусы ў большасці супраць БелАЭС. І варта прыцягваць увагу да небяспекі будаўніцтва і ў цэлым да выкарыстання ядзернай энергетыкі ў нашай краіне.
Цалкам матэрыял:
Адметна тое, што Астравецкая атамная электрастанцыя знаходзіцца ўсяго ў 50 кіламетрах ад Вільні. Таму ў выпадку сур’ёзнай аварыі пацерпіць не толькі беларуская, але і літоўская тэрыторыя.
Беларускае Радыё Рацыя