Каціроўкі беларускіх аблігацый на Маскоўскай біржы абваліліся



Кошт дзяржаблігацый, якія Міністэрства фінансаў Беларусі размясціла ў Расеі, за апошні тыдзень істотна знізілася на Маскоўскай біржы, сведчаць біржавыя дадзеныя.

Так, аблігацыі „Беларусь 07” з пагашэннем 1 траўня 2025 года да 10 жніўня ўключна таргаваліся па намінале (1.000 расейскіх рублёў за аблігацыю), а за перыяд з 11 жніўня па 18 жніўня іх кошт знізіўся з 99,91% ад наміналу да 94,79% ад наміналу па стане на 18 жніўня.

Аблігацыі „Беларусь 04” з пагашэннем 3 жніўня 2022 года таргаваліся да 12 жніўня вышэй за намінал, а за перыяд з 13 жніўня іх кошт знізіўся з 99% ад наміналу да 97,66% ад наміналу на 18 жніўня.

Аблігацыі „Беларусь 03” да 12 жніўня таксама таргаваліся на Маскоўскай біржы вышэй за намінал, але за перыяд з 13 па 18 жніўня іх кошт знізіўся 98,9% да 97,2% ад наміналу.

У Беларусі на мінулым тыдні пачаліся масавыя акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, на вуліцы выйшлі сотні тысяч чалавек, якія патрабуюць правядзення новых выбараў. Да вулічных акцый пратэсту далучыліся работнікі некаторых буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія ў тым ліку выказваюць гатоўнасць удзельнічаць у забастоўках у знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў.

Палітычны крызіс, які ўзнік у Беларусі, прывёў раней да зніжэння каціровак беларускіх еўрабондаў, якія Мінфін Беларусі пачаў размяшчаць з 2010 года сярод заходніх інвестараў.

Дзяржаблігацыі на Маскоўскай біржы Мінфін Беларусі стаў размяшчаць у 2019 годзе. Летам мінулага года міністэрства зарэгістравала ў Расеі праспект эмісіі, які прадугледжвае размяшчэнне некалькіх выпускаў аблігацый на агульную суму 30 млрд расійскіх рублёў.

У жніўні 2019 года Мінфін Беларусі размясціў два выпускі аблігацый („Беларусь 03” і „Беларусь 04”) на агульную суму 10 млрд расейскіх рублёў. У маі гэтага года адбылося размяшчэнне чарговага выпуску дзяржблігацый („Беларусь 07”) на Маскоўскай біржы на 10 млрд расейскіх рублёў.

belapan.by