КДБ: Сумы хабараў дырэктарам цукровых заводаў вылічаліся сотнямі тысяч долараў
Сумы хабараў дырэктарам чатырох беларускіх цукровых заводаў штогод вылічаліся сотнямі тысяч долараў, паведаміў начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у сюжэце „Цукровая мафія” на тэлеканале „Беларусь 1” у рамках праграмы навін „Панарама” (выйшаў у эфір 4 лютага).
Як было адзначана ў сюжэце, „першай спробай зняць вяршкі з галіны становіцца ўпакоўка”. Паводле дадзеных следства, для гэтага ў Расіі была створана фірма-„пракладка” для пастаўкі сыравіны „Палімір”, а ў Беларусі — завод-манапаліст па вытворчасці мяшкоў для цукру „Еўратарэкс”. Мясцовы завод „вельмі хутка пачынае працаваць „у нуль”, а ўвесь прыбытак застаецца на рахунках расійскага пасрэдніка, пераводзіцца ў наяўныя і размяркоўваецца паміж змоўшчыкамі”.
„Дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч прапанаваў прадстаўніку расійскіх камерцыйных структур Кананенку і дырэктару Беларускай цукровай кампаніі Кірылаву арганізаваць у Беларусі бізнес па вытворчасці ўпакоўкі для цукру, — сказаў прадстаўнік КДБ. — Удзельнікі групы забяспечылі пастаўкі сыравіны для „Еўратарэкса” ў падкантрольнага Кананенку расійскага прадпрыемства „Палімір” па завышаным кошце. З прычыны гэтага затраты „Еўратарэкса” на вытворчасць прадукцыі павялічыліся, таксама павялічыўся прыбытак” Паліміра”. Аселыя на рахунках „Паліміра” сродкі з дапамогай расійскіх ілжэпрадпрымальніцкіх структур здымаліся і дзяліліся паміж трыма ўдзельнікамі злачыннай схемы ў роўных долях. Дырэктары астатніх трох беларускіх цукровых заводаў таксама былі ўцягнутыя ў супрацьпраўную дзейнасць. Ім належала незаконная грашовая ўзнагарода ў памеры да трох цэнтаў за кожны набыты мяшок”.
Паводле аператыўных даных, цукар замежнай вытворчасці, які прадаваўся ў Беларусі, такім быў толькі намінальна. Шэраг пасрэднікаў „паставілі на паток перафасоўку айчыннага цукру, выдаючы яго за расійскі”.
Беларуская цукровая кампанія „стала шырмай для карупцыйнай схемы, яе выкарыстоўвалі для асабістай выгады”. Дырэктары цукровых заводаў „уступілі ў злачынную змову з Кананенкам і Кірылавым, накіраваную на сістэматычнае атрыманне хабараў за арганізацыю адгрузкі беларускага цукру ад БЦК у адрас пэўных папярэдне ўзгодненых камерцыйных структур”. Заводы „адгружалі ўвесь экспартны аб’ём Беларускай цукровай кампаніі, далей значная частка ішла падкантрольным пасрэднікам”.
„За гэта Кананенка пры дапамаганні Кірылава перадаваў дырэктарам заводаў незаконныя грашовыя ўзнагароды, хабары ў памеры ад аднаго да двух з паловай долараў ЗША за кожную тону адгружанай прадукцыі. Штогод сумы хабараў вылічаліся сотнямі тысяч долараў і залежалі ад укладу кожнага ўдзельніка злачыннай схемы ў яе дзейнасць”, — адзначыў Канстанцін Бычак.
Паводле яго слоў, праваахоўнікі зафіксавалі падрыхтоўчыя мерапрыемствы, абмеркаванне ўдзельнікамі дэталяў злачыннай схемы. „На гэтых кадрах офіс СЗАТ „Еўратарэкс”, сакратар і Кананенка ажыццяўляюць падрыхтоўку канвертаў, размеркаванне па іх грошай для іх наступнай перадачы службовым асобам — дырэктарам цукровых заводаў… Як правіла, хабары перадаваліся раз у тры тыдні”, — сказаў прадстаўнік КДБ, каментуючы аператыўную здымку.
Сярод удзельнікаў групы названы былы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Уладзімір Ціхіня. Як сказана ў сюжэце, ён быў затрыманы раней за ўсіх.
„Уладзімір Ціхіня паведамляў удзельнікам злачыннай групы звесткі аб аператыўна-вышуковых мерапрыемствах, якія праводзіліся іншымі праваахоўнымі органамі ў дачыненні да іх, даваў парады па выкананні мер канспірацыі, зачыстцы слядоў супрацьпраўнай дзейнасці. Ён гарантаваў ім спыненне праверачных мерапрыемстваў, якія праводзіліся органамі ўнутраных спраў, за што сістэматычна атрымліваў незаконную грашовую ўзнагароду. Апошнім даручэннем для Ціхіня стала арганізацыя недапушчэння на пасаду дырэктара канцэрна „Белдзяржхарчпрам” непажаданага ўдзельнікам злачыннай групы кандыдата, пры якім гэта злачынная схема далей не змагла б існаваць”, — адзначыў Бычак.
Паводле яго слоў, КДБ распачаў справы па ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) у дачыненні да службовых асоб і па ч. 2 арт. 431 (дача хабару ў буйным памеры) у дачыненні да камерсантаў. „Пад грузам неабвержных доказаў фігуранты даюць прызнальныя паказанні і супрацоўнічаюць са следствам”, — заявіў прадстаўнік спецслужбы.
Як было сказана ў сюжэце, з-за карупцыі дырэктарата, паставак па дэмпінгавых цэнах на расійскі рынак, пасрэднікаў і рээкспарту „Беларусь недаатрымала амаль 70 млн долараў, з іх на 63 млн скарацілася выручка ад экспарту, і яшчэ на чатыры павялічыўся імпарт”.
Інфармацыя пра затрыманне дырэктараў чатырох цукровых заводаў і кіраўніка Беларускай цукровай кампаніі з’явілася ў СМІ ў канцы студзеня. Ні адно сілавое ведамства да гэтага не каментавала сітуацыю.
Фота tvr.by