КДБ затрымаў менеджараў БелАЗа, МАЗа, МТЗ, „Гомсельмаша”
Камітэтам дзяржаўнай бяспекі РБ у рамках рашэння задач па забеспячэнні бяспекі функцыянавання найбуйнейшых прадпрыемстваў машынабудавання спынена супрацьпраўная дзейнасць службовых асоб ААТ «МТЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «БелАЗ», ААТ «Гомсельмаш», паведамляецца на афіцыйным сайце ведамства.
Выяўлена, што прадстаўнікі кіраўніцтва і працаўнікі прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу за атрыманне незаконных узнагароджанняў ад камерцыйных структур забяспечвалі прасоўванне прадукцыі апошніх. З 2013 г. за прыёмку сыравіны і камплектуючых з элементамі браку, выдачу фіктыўных заключэнняў па якасці, атрыманне звестак аб перспектыўных распрацоўках ім перададзена хабараў на суму не менш за 200 тысяч даляраў ЗША.
У перыяд з 5 па 7 снежня 2016 г. пры атрыманні хабараў на суму больш за 7500 рублёў з доказамі злачынства затрыманыя чацвёра прадстаўнікоў ААТ «МТЗ», ААТ «МАЗ» і ААТ «БелАЗ. Сярод іх фінансавы дырэктар — намеснік генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» Н. Прымшыц.
Акрамя гэтага, за атрыманыя раней узнагароджанні ў памеры каля 40000 рублёў затрыманыя яшчэ 4 супрацоўнікі канструктарскіх і планава-эканамічных падраздзяленняў ААТ «МТЗ».
У дачыненні да згаданых асобаў распачатыя крымінальныя справы па арт. арт. 430 («атрыманне хабару»), 433 («прыняцце незаконнага ўзнагароджання») КК Рэспублікі Беларусь. Да затрыманых прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці затрыманых.