КДБ завяршыў справу, у ліку фігурантаў якой былы ахоўнік Лукашэнкі
Следчым упраўленнем КДБ завершанае папярэдняе расследаванне крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрымання і дачы хабараў падчас паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, паведаміла прэс-служба ведамства.
Паводле інфармацыі КДБ, фігурантамі справы з’яўляюцца 16 чалавек, у тым ліку былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабараў на суму не меншую за 190 тыс. долараў ЗША і падбухторванні да дачы хабару.
Выстаўленыя абвінавачанні васьмі службовым асобам дзяржаўных органаў і банкаўскіх устаноў і васьмі прадстаўнікам камерцыйных структур за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 і 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Акрамя Уцюрына, паведамляе КДБ, фігурантамі крымінальнай справы з’яўляюцца:
Фелікс Каспяровіч — старшыня праўлення ААТ „Беларускі міжбанкаўскі разліковы цэнтр” (абвінавачваецца ў атрыманні сумесна з Андрэем Падгорным хабараў у агульнай суме не меншай за 868.750 долараў ЗША);
Андрэй Падгорны — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага банка (абвінавачваецца ў атрыманні сумесна з Каспяровічам хабараў у агульнай суме не меншай за 868.750 долараў ЗША);
Ігар Кудасаў — начальнік галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у агульнай суме не меншай за 30 тыс. долараў ЗША);
Юрый Зданевіч — дырэктар РУП „Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь” (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у агульнай суме 82,5 тыс. долараў ЗША);
Аляксей Мілаванаў — начальнік упраўлення інфармацыйнай бяспекі дэпартамента бяспекі ААТ „АСБ „Беларусбанк” (абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў суме 27 тыс. долараў ЗША);
Сяргей Сівадзедаў — генеральны дырэктар РУП „Белтэлекам” (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у суме не меншай за 470 тыс. долараў ЗША і 15 тыс. еўра);
Юрый Панамароў — выканаўчы дырэктар ААТ „Банк БелВЭБ” (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у агульнай суме 13 тыс. долараў ЗША, а таксама выгады маёмаснага характару на суму 1.000 фунтаў стэрлінгаў);
Уладзімір Жылін — фактычны кіраўнік ТАА „Мабільны сэрвіс” (Менск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме не меншай зак 900 тыс. 250 долараў ЗША);
Сяргей Пакрышка — саўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА „Салідэкс ПІ” і ТАА „Салідеэкс” (Менск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме не меншай за 195 тыс. долараў ЗША);
Міхаіл Прыгара — прадстаўнік ЗІУП „АМТ-Груп Інтэрнэшнл” (Менск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме 285 тыс. долараў ЗША);
Сяргей Шаркоў — грамадзянін Латвіі, саўладальнік СТАА „ДПА” (Менск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме не меншай за 53 тыс. долараў ЗША);
Аляксандр Броўка — прадстаўнік ТАА „Мабільны сэрвіс” (Менск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме 13 тыс. долараў ЗША, а таксама прадастаўленні выгады маёмаснага характару на суму 1.000 фунтаў стэрлінгаў);
Віталь Гарбачоў — прадстаўнік кампаній „Смартлабс” і „УГМК-Тэлекам”, грамадзянін Расеі (абвінавачваецца ў дачы хабараў у суме не меншай за 190 тыс. долараў ЗША).
Уладзімір Казанцаў — прадстаўнік кампаній „Смартлабс” і „УГМК-Тэлекам”, грамадзянін Расеі (абвінавачваецца ў дачы хабараў у суме не меншай за 190 тыс. долараў ЗША);
Уладзімір Томчанка — дырэктар ТАА „ТТ-Сувязьком” (Менск) (абвінавачваецца ў дачы хабару ў суме не меншай за 9 тыс. долараў ЗША).
„Службовымі асобамі прымаліся хабары за заключэнне дагавораў, якія прадугледжваюць у тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абаненцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi; закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталявання, праграмнага забеспячэння і абароны інфармацыі; закупку абсталявання маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП „Белтэлекам”; набыццё абсталявання бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналогіі Wi-Fi, пашырэнне галаўной станцыі IPTV; пастаўку, мантаж, увод у эксплуатацыю праграмна-тэхнічных сродкаў (ПТС) і навучанне персаналу пакупніка; пастаўку ПТС для пакупніка, работы па мантажы і ўводзе ў эксплуатацыю ПТС аўтаматызаванай банкаўскай сістэмы „Улікова-аперацыйныя працы” і навучанне супрацоўнікаў; даванне субліцэнзіяту невыключнага права выкарыстання абнаўленняў праграмнага забеспячэння, тэхнічнай падтрымкі”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы КДБ.
Усяго па крымінальнай справе толькі ў хабарнікаў канфіскавана больш за 1 млн 650 тыс. долараў ЗША (у тым ліку ў аблігацыях), 62 тыс. еўра, больш за 1 кг золата.
Пасля азнаямлення абвінавачваных з матэрыяламі крымінальная справа будзе перададзеная ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд, паведамляе КДБ.
Інфармацыя пра затрыманне Уцюрына па падазрэнні ў атрыманні хабару з’явілася ў СМІ і тэлеграм-каналах 29 красавіка гэтага года, аднак у Камітэце дзяржбяспекі на той момант яе каментаваць адмовіліся. 1 мая на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны ўказ прэзідэнта ад 24 красавіка, згодна з якім палкоўнік Андрэй Уцюрын вызвалены ад пасады намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі „за правіны, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага”.
3 верасня ў Менску перад пачаткам міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў журналістам, што з разам з Уцюрыным было затрымана каля дзесяці чалавек. „Хутка суд. Я думаю, восенню, дзесьці кастрычнік-лістапад. Але адразу, каб вы падумалі, ён не адзін там. Там недзе каля дзесяці чалавек. Гэтая ўся эпапея спраў завяршылася з яго затрыманнем. Дакладней, пасля яго яшчэ затрымлівалі”, — сказаў кіраўнік КДБ.