КДК бярэ пад строгі кантроль наяўнасць масак і дэзсродкаў у аптэках



Наяўнасць масак і іншых індывідуальных сродкаў аховы ў аптэчнай і гандлёвай сетцы, лякарнях і паліклініках павінна быць забяспечана да 13 красавіка. З тых, хто не выканае даручэнне, будзе строгае спагнанне. Аб гэтым сёння, 7 красавіка, заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў на пасяджэнні калегіі кантрольнага ведамства.

На мерапрыемстве з удзелам кіраўнікоў гандлёвых арганізацый, рэтэйлераў, аптэчных сетак, дзяржаўных органаў, адказных за выпуск медыцынскіх сродкаў аховы, разгледжана бягучая сітуацыя па забеспячэнні насельніцтва таварамі павышанага попыту, абстаноўка на спажывецкім рынку ў цэлым.

Напярэдадні КДК правёў маніторынг наяўнасці масак і рэспіратараў, антысептыкаў і асобных лекавых сродкаў (парацэтамолу) у аптэчнай сетцы рэгіёнаў і Менска. Са 130 аптэк маскі і рэспіратары былі толькі ў 33 (25 працэнтаў), антысептыкі на спіртавой аснове – у 35 (27 працэнтаў), парацэтамол – у 15 (11 працэнтаў). «Шквал званкоў ідзе на гарачыя лініі ў МАРГ і Камітэт дзяржкантролю. За дзве гадзіны ўчора да нас паступіла 44 званкі. Большасць датычыліся высокіх цэн на ахоўныя сродкі, парацэтамол, а таксама лімоны, імбір і часнык або іх адсутнасці», – адзначыў Леанід Анфімаў.

Ён адрасаваў папрок у адрас канцэрна «Беллегпрам», прадпрыемствам якога не ўдалося забяспечыць патрэбнасць насельніцтва ў медыцынскіх масках, мабілізаваўшы швейныя прадпрыемствы, таксама адзначыў непаваротлівасць кіраўніцтва аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, «таму што не задзейнічаны магутнасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання, дзе захаваліся швейныя вытворчасці». Акрамя таго, не змаглі максімальна прыцягнуць да вырашэння праблемы прыватныя швейныя прадпрыемствы.

«Гэтыя медыцынскія вырабы не патрабуюць нейкіх касмічных тэхналогій і суперсучаснага абсталявання, асаблівай кваліфікацыі работнікаў. Затое прадпрыемствы лёгкай прамысловасці скардзяцца на праблему са збытам прадукцыі і канкурэнцыю на рынку. Але медыцынскія маскі сёння – гэта гарантаваны збыт і рэнтабельнасць нядрэнная, да 31 працэнта. Чаму тады нашы швейнікі так пасіўна аднесліся да гэтага заказу?» – задаў рытарычнае пытанне Леанід Анфімаў. На яго думку, гэта праяўленне малой мабільнасці, непаваротлівасці вытворчасцяў.

Затое вялікую разваротлівасць праявілі несумленныя дзялкі, якія вырашылі нажыцца на сітуацыі. «У СМІ такія выпадкі даўно ахрысцілі трапнай фразай – эканамічнае марадзёрства», – сказаў Леанід Анфімаў. У час маніторынгу КДК устаноўлены факты рэалізацыі па завышаных цэнах тавараў павышанага попыту, закупленых праз пасярэднікаў. Напрыклад, адна са сталічных аптэк прадавала па цане Br24,96 айчынны дэзынфекуючы сродак для апрацоўкі рук – ён быў набыты праз ланцуг з трох нядобрасумленных пасярэднікаў, што павялічыла цану больш як у тры разы. У Бабруйску кантралёры знайшлі ў продажы антысептычны гель для рук коштам Br22,97 за флакон 850 г – гэта амаль у чатыры разы даражэй, чым яго купіў менскі пасярэднік у мясцовага завода-вытворцы.

«Сёння на нарадзе кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача: да панядзелка ўсе аптэчныя сеткі, лякарні і паліклінікі павінны быць забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, дэзсродкамі», – нагадаў прысутным кіраўнік КДК.

Таксама Леанід Анфімаў адзначыў, што продаж медыцынскіх масак і іншых сродкаў індывідуальнай абароны павінен быць арганізаваны ў магазінах Белкаапсаюза, сетцы аўтазаправачных станцый і іншых абʼектах гандлю і паслуг.

«Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб прамысловасць выпускала неабходны тавар у патрэбнай колькасці, а гандаль яго рэалізоўваў з мінімальнай нацэнкай», – сказаў на заканчэнне Леанід Анфімаў.

БелТА