Пры падрыхтоўцы да „Дажынак” у Жыткавічах з бюджэту аплацілі нявыкананыя работы
Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці выявіў завышэнне кошту будаўніча-мантажных работ на аб’ектах, якія будавалі да абласнога свята „Дажынкі-2017” у Жыткавічах.
Як паведамляе прэс-служба ведамства, пры праверцы дзейнасці КДУП „УКБ Жыткавіцкага раёна” выяўленыя факты неабгрунтаванага расходавання бюджэтных сродкаў „пры будаўніцтве аб’ектаў да правядзення абласнога свята працаўнікоў вёскі”.
У камітэце лічаць, што такія факты сталі магчымымі перш за ўсё з-за неналежнага выканання сваіх абавязкаў службовымі асобамі, якія адказваюць за праверку аб’ёмаў і кошту выкананых работ. У выніку такіх дзеянняў службовых асоб упраўленнем капітальнага будаўніцтва ў снежні 2017 — студзені 2018 гадоў пры рэканструкцыі інтэрната і будынка аддзялення хуткай дапамогі ў Жыткавічах былі прынятыя і аплачаныя за кошт сродкаў бюджэту фактычна не выкананыя работы і затраты на 285 тыс. рублёў. На гэтую суму прадпрыемству была нанесеная шкода.
Пасля ўмяшання КДК вобласці агульная сума выяўленых завышэнняў (285 тыс. рублёў) выключаная з кошту будаўніцтва аб’ектаў.
Абласны камітэт разглядае пытанне аб прыцягненні прадпрыемства і яго службовых асоб да адміністрацыйнай адказнасці. Матэрыялы праверкі накіраваныя ў праваахоўныя органы для давання прававой ацэнкі дзеянням службовых асоб прадпрыемства, якія дапусцілі парушэнні.
БелаПАН