КДК: Больш за палову флоту рачнога параходства прастойвае
Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці вывучыў дзейнасць арганізацый унутранага воднага транспарту ў рэгіёне і прыйшоў да высновы аб зніжэнні эфектыўнасці асобнымі з іх, непрыняцці належных мер па павелічэнні перавозак грузаў і пасажыраў.
Як паведамляе КДК, кіраўніцтвам РТУП „Беларускае рачное параходства” не забяспечаная належная загрузка тэхнічнага флоту. Колькасць эксплуатаваных суднаў знізілася са 154 адзінак у 2017 годзе да 86 адзінак у 2019 годзе, а іх загрузка з 43% да 32%. У выніку значная частка флоту (134 адзінкі, або 61%) прастойвае і прыходзіць у непрыдатнасць. На канец 2019 года знос суднаў склаў амаль 80%.
„Пры гэтым планы развіцця прадпрыемства па сутнасці з’яўляюцца дэкларатыўнымі і не ўтрымліваюць канкрэтных мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці далейшага выкарыстання рачнога флоту. Цяпер кіраўніцтвам прадпрыемства не забяспечаны неабходны партфель заказаў, заключаны адзінкавыя дагаворы на разавыя перавозкі буйнагабарытных грузаў”, — прыйшлі да высновы ў ведамстве.
У выніку ў параўнанні з 2010 годам прадпрыемствам зніжаны аб’ём перавозкі грузаў ў 3 разы, грузаабарот — у 4 разы, аб’ём перавозкі пасажыраў — у 1,7 разу, пасажыраабарот — у 1,9 разу, выручка ад рэалізацыі работ (паслуг) — у 2,5 разу.
„Асновай развіцця нацыянальнай эканомікі з’яўляецца максімальнае выкарыстанне выгаднага геаграфічнага становішча краіны. Эфектыўнасць выкарыстання такога становішча залежыць ад развіцця транспартнай галіны, у тым ліку ўнутранага воднага транспарту”, — нагадалі ў КДК.
belapan.by