ХІ Форум польскіх інвестараў у Менску (абноўлена)



Адносіны Польшчы і Беларусі сталі нармальнымі, – лічыць старшыня польскай гандлёва – прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі. Сваімі меркаваннямі ён падзяліўся з Беларускім Радыё Рацыя падчас 11 форуму польскіх інвестыцыяў у Беларусь.

Казімеж Здуноўскі, фота wnp.pl

«Канешне, нармалізацыя яшчэ не скончана, але вялікае праца дала вынікі», – кажа Казімеж Здуноўскі:

Гэта пачалося ад візіту былога віцэ-прэм’ера, міністра развіцця і фінансаў Матэвуша Маравецкага. У 2016 годзе ў Менску ён адкрываў польска-беларускі эканамічны форум „Добрасуседства”. Ён быў прыняты Аляксандрам Лукашэнка. І з гэтай пары мы лічым, што гэта адкрыццё ў польска-беларускіх адносінах.

Адбыліся змены і ў палітычным асяродку, усе санкцыя з Беларусі знятыя, таму што ніхто да канца не ведае навошта і чаму так доўга гэтыя санкцыі былі. Але санкцыі былі – і гэта факт.

Мы павольна, але развіваем эканамічныя адносіны. У 2014-2015 гадах таваразварот знізіўся, крыху менш, чым 2.5 мільярды даляраў згубілі і беларусы, і палякі. Прычын было шмат, на іх я не буду спыняцца. Галоўнае, каб мы ішлі ў будучае.

Мы ўжо перасягнулі мяжу 3 мільярды даляраў у абароце. Для палякаў гэта станоўчае сальда. Беларусь таксама шмат прадае ў Польшчу. А экспарт для Беларусі вельмі патрэбны. Беларуская эканоміка мае патрэбу ў мадэрнізацыі і патрабуе зменаў профілю вытворчасці. Таму што эканоміка Беларусі была звязаная з абароннай прамысловасцю Савецкага саюзу. А геаграфія гэтай прамысловасці змянілася, перанесенае гэта ўсё на расейскі бок, і ў прадпрыемстваў не было замоваў. Гэта складаная сітуацыя была для эканомікі Беларусі, і яны выходзяць ужо на новы ўзровень.

Каб былі інвестыцыі, каб была змена профіляў вытворчасці, трэба правесці мадэрнізацыю і закупіць новае абсталяванне. Для гэтага трэба грошы. Таму мы зрабілі дзве такія праграмы: першая – гэта рэалізацыя інвестыцый у Беларусі з выкарыстаннем замежнай крэдытнай лініі. І другая праграма – гэта сертыфікацыя і доступ тавараў і паслуг з Беларусі да рынкаў Еўразвязу.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

***

Больш за 200 удзельнікаў сабраў у Менску ХІ Форум польскіх інвестараў. Па словах амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага,  супрацоўніцтва ў бізнесе і эканоміцы расце.

Прагназуецца, што ў 2019 годзе таваразварот паміж краінамі складзе больш чым 3 мільярды даляраў.

– Патэнцыял вялізны. Галоўнае – дынаміка, паколькі мы мусім дамагацца лепшых вынікаў. Мы суседзі, мы побач, і я мару, каб мы рухаліся толькі наперад. Што тычыцца дынамікі, год таму мы арганізоўвалі Х форум. А сёлета ён сабраў у два разы больш удзельнікаў. З Польшчы прыехала больш за 50 удзельнікаў. Ёсць цікавасць, паколькі польскі бізнес шукае новыя рынкі. Шмат беларускіх бізнесоўцаў зацікаўлена ў супрацы з палякамі. Бізнес – гэта моцны фундамент увогуле адносін паміж палякамі і беларусамі. І ён садзейнічае росту даверу і садзейнічае таксама развіццю супрацы ў іншых галінах, і проста кантактаў. А таксама  развіццю добрасуседства.

Міністр гандлю і антыманапольнага рэгулявання Уладзімір Калтовіч:

– У нас існуюць і адладжаныя ўсе механізмы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў рамках існуючай гандлёва-эканамічнай камісіі. Гэта сумесная беларуска-польская камісія, на пляцоўцы якой разглядаюцца ўсе структурныя і перспектыўныя пытанні ўзаемадзеяння ў гэтай галіне. Таму, я б раздзяліў гэта на дзве сферы. З пункту гледжання ўрадаў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча мы мусім зняць усе бар’еры, якія існуюць паміж бізнесамі. А бізнес мусіць выбудаваць узаемавыгадную супрацу, і ў гэтым ёсць перспектыва. Сёння паміж нашымі краінамі створаны ўсе ўмовы для супрацоўніцтва.

Намеснік міністра эканомікі Зміцер Матусевіч:

– Гандлёвы абарот расце. Гэта добра, і як сёння ўжо адзначылі, аб’ём беларускіх тавараў у мінулым годзе меў значны рост. Што тычыцца інвестыцыйнай супрацы, то ўжо набліжаецца да паўмільярда даляраў. Гэта ўжо накопленыя валавыя інвестыцыі ў Беларусі польскіх кампаній. Іх каля 350. Таму мы бачым, што тут яшчэ таксама ёсць патэнцыял, але ўжо зараз гэта чацвёрты паказчык з усіх нашых гандлёвых партнёраў пасля Кіпра, Вялікабрытаніі, Расеі, – такіх сёр’ёзных гульцоў. Таму мы мяркуем, што супраца будзе развівацца.

Мечыслаў Башко, дэпутат Польскага парламента:

– Я прадстаўляю Падляшскае ваяводства. Мы ўжо даўно супрацоўнічаем з Беларуссю. Сёння праходзіць ужо ХІ Форум. Гэта вельмі важна, гісторыя памятае і больш складаныя часы. Хачу адзначыць, што як маршалак ваяводства, а пазней мой калега, давялі справу да падпісання супрацы паміж Гарадзенскай вобласцю і Падляшскім ваяводствам, бо гэтага дакумента не было. Гэты дакумент патрэбны, каб можна было атрымаць як найбольш еўразвязаўскіх сродкаў у 2020-2027. Да гэтага часу Падляшскім ваяводствам было рэалізавана шмат трансгранічных праектаў з Гарадзенскай вобласцю. Каб мець магчымасць прасіць пра павелічэнне фінансаванне, а гэта будуць вельмі вялікія праекты, патрэбны партнёр.

Цалкам матэрыял у далучаым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота БелТА