Хімія і сродкі гігіены ў Расеі даражэюць на 40%



Буйны вытворца бытавой хіміі і тавараў для гігіены Procter&Gamble падвышае адпускныя цэны на сваю прадукцыю ў Расеі ў сярэднім на 43% з 15 сакавіка, піша „КоммерсантЪ”. Прычына – падаражэнне лагістыкі, матэрыялаў і дэвальвацыя расейскага рубля.

Больш за ўсё падаражэюць прафесійныя сродкі для ўборкі (на 74%), тавары для прыгажосці і здароўя (67%) і сродкі для галення (65%). Менш за ўсё – мыйныя сродкі (на 26%) і сродкі для мыцця (30%).

Праблемы з лагістыкай звязаныя з тым, што раней P&G дастаўляла большую частку сваёй прадукцыі з Польшчы і цяпер даводзіцца перабудоўваць ланцужкі паставак. З пачаткам Расеяй ваенных дзеянняў ва Украіне курс расейскага рубля ўпаў з 75 да 116 рублёў за даляр (курс Цэнтрабанка РФ на 12 сакавіка).