Хімпрадпрыемствы Гародні абмяркоўваюць спыненне вытворчасці
«Гродна Азот» і «Хімвалакно», якое ўваходзіць у склад «Азоту», могуць спыніць вытворчасць для рамонтных працаў. Пра гэта паведаміў лідар страйкаму «Азоту» Юры Рававы. «Азот» у бліжэйшы час можа спыніцца цалкам на 7–10 дзён. Прычына — аварыя на трубаводзе зваротнай вады. Ён лопнуў падчас нядаўняга спынення цэхаў «Аміяк-4» і «Карбамід-4». Рававы кажа, што «тады персанал зрабіў памылкі, бо не хапае спецыялістаў».
Падобная сітуацыя склалася на «Хімвалакне». На праспекце Янкі Купалы побач з заводам плануюць рабіць рамонт дарогі. Дзеля гэтага трэба адключыць лінію электраперадач, ад якой сілкуецца «Хімвалакно». Тады ўвесь завод або спыніцца, або пяройдзе на мінімальныя абароты. Яго, як і «Азот», спыніць у момант немагчыма праз складаны тэхналагічны працэс. «Гэта капітальныя мінусы ў грошах», — зазначае Юры Рававы.
Летась «Гродна Азот» ужо спрацаваў у мінус 85 мільёнаў рублёў.
Нагадаем, што 19 красавіка ЗША прынялі рашэнне аб аднаўленні санкцый у дачыненні да „Гродна Азоту”, „Хімвалакна” і яшчэ сямі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Санкцыі набудуць моц 3 чэрвеня.
Гэта, як патлумачыў Дзярждэпартамент ЗША, рэакцыя на „сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары” ў Беларусі, гвалт і рэпрэсіўныя тактыкі супраць мірных дэманстрантаў, наяўнасць больш як 300 палітвязняў. У красавіку таксама стала вядома пра падрыхтоўку Еўразвязам чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Тут.бай