Хочаце купіць арыштаваную маёмасць? Будзе цэлая сетка крам
Сетка рознічнага гандлю, дзе плануюць прадаваць арыштаваную маёмасць, з’явіцца ў Беларусі. Навіной падзяліўся гендырэктар кампаніі “БелЮрЗабеспячэнне” Валерый Дашкоўскі, паведамляе прэс-служба Мінюста. Паводле Дашкоўскага, магчымасць купляць канфіскаваныя тавары ў Беларусі можна даўно праз інтэрнэт-магазін e-auction.by/shop/, працуе таксама пляцоўка электронных таргоў e-auction.by.
Што да рознічных пунктаў продажу, то яны ўжо адкрыты ў Віцебску і Гародні. У бліжэйшы час такая крама з’явіцца і ў Менску, яна амаль гатовая да адкрыцця. Акрамя таго, Дашкоўскі анансаваў, што да канца года крама канфіскату з’явіцца ў Берасці.
У Мінюсце ўдакладнілі, што з пачатку года “БелЮрЗабеспячэнне” правяло 5,3 тысяч электронных таргоў па продажы арыштаванай маёмасці. Паспяхова завершана 270 электронных таргоў, заўважае Office Life.
Экспарт ПВТ за мінулы год упаў на паўмільярда даляраў
Парк высокіх тэхналогій абнавіў інфармацыю пра экспарт, новыя працоўныя месцы, аб’ём вытворчасці і продажу за 2022 год. Dev.by паглядзеў асноўныя паказчыкі і параўнаў іх з 2021 годам. Так, экспарт рэзідэнтаў ПВТ склаў за мінулы год 2,7 мільярда даляраў. Гэта на 500 мільёнаў даляраў, або на 15%, менш, чым у 2021 годзе. Падзенне экспарту да папярэдняга года адбылося ўпершыню за ўсю гісторыю ПВТ.
Доля ПВТ у агульным экспарце паслуг Беларусі па выніках мінулага года засталася на ўзроўні 30%. На фоне падзення экспарту знізілася і знешнегандлёвае сальда ПВТ (розніца паміж экспартам і імпартам). Было 2,8 мільярда даляраў, а стала — 2,4 мільярда даляраў, або на 16% менш. Аб’ём вытворчасці рэзідэнтаў Парку знізіўся за год на 11,5 працэнтаў да 8,3 мільярда даляраў. І яшчэ важны паказчык – доля Парку ў ВУП Беларусі. У пазамінулым годзе яна складала 4,8%, у мінулым годзе – 4%.
Беларускія цыгарэты рэзка падаражэюць з 1 кастрычніка
1 кастрычніка ў Беларусі чарговы раз падаражэюць цыгарэты. Гэтым разам цэны на айчынныя маркі павысяцца не на 5-10 капеек, як раней, а адразу на 35-50 капеек, вынікае з табліцы Міністэрства падаткаў і збораў.
Як адзначае tochka.by, рэзкае павышэнне цэн на цыгарэты звязанае з тым, што беларускія акцызныя стаўкі падымаюць да ўзроўню расейскіх — у рамках інтэграцыі Саюзнай дзяржавы. У наступным годзе падаражанне чакае і імпартныя цыгарэты. Мяркуецца, што канчаткова беларускія і расейскія стаўкі зраўняюцца ў 2028 годзе.
У свеце шалёнымі тэмпамі даражэе апельсінавы сок
Толькі за месяц апельсінавы сок падаражэў на сусветных рынках на 13%, а за год – на 78%.
Прычынай рэкорднага павышэння цэн называюць ураганы і дрэннае надвор’е, з-за якіх ураджай у амерыканскім штаце Фларыда – ключавым вытворцы соку ў ЗША – знізіўся да мінімальных значэнняў за 80 гадоў.
Цяпер сусветным лідарам па пастаўках цытрусавых лічыцца Бразілія, у Фларыды – другое месца. Як адзначаюць аналітыкі, апельсінавы сок нараўне з цукрам і какавай апынуўся ў спісе тавараў, якія працягваюць сур’ёзна даражэць на сусветным рынку насуперак запаволенню інфляцыі.
Беларускае Радыё Рацыя