Холдынг „Беларуская цэментная кампанія” адкрыў прадстаўніцтва ва Украіне
Беларуская цэментная кампанія адкрыла прадстаўніцтва ва Украіне, паведаміла прэс-служба холдынгу.
Прэзентацыя ТАА „Беларуская цэментная кампанія — Украіна” адбылася на міжнароднай будаўнічай выставе InterBuildExpo-2021, што прайшла ў Кіеве 17—19 сакавіка.
„Адкрыццё ўласнага прадстаўніцтва, ТАА „Беларуская цэментная кампанія — Украіна”, — важны крок у эфектыўным супрацоўніцтве з украінскімі спажыўцамі цэменту і будаўнічых матэрыялаў”, — лічыць начальнік упраўлення па знешнеэканамічнай дзейнасці холдынга Вольга Урублеўская.
Паводле яе слоў, на выставе была прэзентаваная прадукцыя ўсіх прадпрыемстваў холдынгу, прадэманстраваная вытворчая магутнасць яго заводаў. Стэнд БЦК наведалі прадстаўнікі больш як 30 буйных профільных арганізацый — пераважна ўкраінскіх, а таксама з Румыніі, Малдовы і іншых краін. Гэта фірмы, якія маюць свае гандлёвыя сеткі, будаўнічыя кампаніі і вытворцы жалезабетонных вырабаў. Акрамя таго, адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі буйных лагістычных кампаній, якія прапрацоўваюць пытанне дастаўкі прадукцыі холдынгу па тэрыторыі Украіны і за яе межы. „Прайшлі паспяховыя перамовы. Больш за ўсё спажыўцоў цікавілі пастаўкі з Беларусі цэменту і блокаў з ячэістага бетону. Зараз паводле вынікаў выставы БЦК знаходзіцца на стадыі заключэння буйных кантрактаў”, — паведаміла начальнік упраўлення.
Гандлёвы дом „Беларуская цэментная кампанія — Украіна” запрацаваў у пачатку сакавіка. Гэта ўжо чацвёртае прадстаўніцтва БЦК за мяжой: холдынг мае свае гандлёвыя дамы ў Расіі (Смаленск, Калінінград) і Польшчы (Седльцэ).
Холдынг аб’ядноўвае 26 прадпрыемстваў, размешчаных ва ўсіх рэгіёнах краіны: рэспубліканскае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства „Кампанія-кіраўнік холдынга „Беларуская цэментная кампанія” з філіяламі; ААТ „Беларускі цэментны завод” з філіяламі; ААТ „Крычаўцэментнашыфер” з філіяламі; ААТ „Краснасельскбудматэрыялы” з філіяламі. Гэта вядучы вытворца будаўнічых матэрыялаў у Беларусі.