Хто купляе беларускі торф? Польшча, Германія, Літва і іншыя



На пачатак ліпеня торфапрадпрыемства “Белтопгаз” выканала палову гадавога плану па здабычы торфу. Традыцыйна прадукцыя рэалізуецца не толькі на ўнутраным рынку, але і пастаўляецца на экспарт. Паводле Міністэрства энергетыкі, з пачатку года дабылі 1,2 мільёна тон торфу, гэта на 17 працэнтаў больш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Экспарт. Лічбы сабраць не проста, паколькі Белстат перастаў публікаваць статыстыку знешняга гандлю па асобных таварах. Але, па звестках UN Comtrade, сёлета імпарт з Беларусі торфу ажыццяўлялі Польшча, Германія, краіны Балтыі, Турцыя, Кітай ды іншыя.

Так, Польшча ў першым квартале заплаціла за ўвоз торфу з Беларусі 1 мільён 220 тысяч даляраў, Турцыя – каля паўмільёна даляраў, Германія – 171 тысячу даляраў, Чэхія – 770 тысяч даляраў, Літва – больш за 1 мільён даляраў і так далей. (myfin.by)

Беларусь далучылася да дамоваў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, паводле якога Менск далучаецца да міжнародных дамоў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Сярод дамоваў, да якіх далучаецца Беларусь, указаны Канвенцыя аб прывілеях і імунітэтах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, шэраг пагадненняў па інфармацыйнай бяспецы і антытэрарыстычнай дзейнасці, а таксама дамовы ў сферы адукацыі і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Прагназуюць, што Беларусь стане членам ШАС на наступным саміце ў 2024 годзе. Цяпер у ШАС уваходзяць Расія, Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Таджыкістан, Узбекістан, Індыя, Пакістан, а таксама нядаўна далучаны да арганізацыі Іран. (Office Life)

Турцыя абагнала Беларусь па ўвозе тавараў у Расію

У першым паўгоддзі Турцыя абагнала Беларусь па ўвозе тавараў у Расію. Лідарам па-ранейшаму застаецца Кітай, паведамляе ria.ru. Ад агульнага аб’ёму імпарту ў Расію на КНР прыпадае 42%, у Турцыі — 13%, у Беларусі — 12%. У топ-5 імпарцёраў таксама Ганконг (9%) і Казахстан (5%).

Для параўнання: летась у першым паўгоддзі Кітай увозіў у Расію 38% усіх тавараў, Беларусь — 24%, Турцыя — 5%, Нідэрланды і Германія — па 3%. Атрымліваецца, што беларускія тавары прайгралі ў Расіі канкурэнцыю найперш прадукцыі з Кітая і Турцыі.

Расійскія эксперты кажуць, што іх прадпрымальнікі сёлета пераарыентаваліся на турэцкіх вытворцаў. І асабліва гэта заўважна ў катэгорыі адзення. Эксперты звязваюць гэта з тым, што ў Турцыі вырабляюць якасную прадукцыю, якая можа замяніць брэнды, якія сышлі з Расіі.

Беларусь хоча выкарыстоўваць крымскія парты

У ходзе Дзён Крыму ў Беларусі падпісалі шэраг пагаднення – перадае праўладны сайт Sputnik Беларусь. Пра гэта распавёў выконваючы абавязкі прадстаўніка акупаванага паўвострава пры прэзідэнце РФ Міхаіл Саломенцаў. Ён заявіў, што паміж Крымам і Беларуссю ёсць вялікія перспектывы ўмацавання двухбаковага супрацоўніцтва.

Саломенцаў таксама распавёў пра перспектывы сумесных праектаў. Ключавыя з іх – гэта выкарыстанне партоў Крыма для перавалкі беларускага экспарту ў трэція краіны, стварэнне сумеснага рыбалоўнага флоту і пастаўка прадукцыі сельскай гаспадаркі, у тым ліку ружы і лаванды, экстракты якіх выкарыстоўваюцца ў парфумерыі і медыцыне.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.