Хто найбольш пацерпіць ад новых мытных правілаў?
“Замест таго, каб самім вырабляць якасную прадукцыю, беларускія ўлады абмяжоўваюць жыхарам краіны ўвоз тавараў з-зя мяжы”, – так каментуе новыя правілы перамяшчэння праз мяжу тавараў для асабістага карыстання дырэктар Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. На ягоную думку, асабліва пацерпяць у гэтай сітуацыі гандляры з Усходняй Польшчы:
– Такім чынам хочуць уратаваць беларускую эканоміку, якая ўжо невыратавальная, на вялікі жаль. Беларускай эканоміцы патрэбныя рэформы, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, новыя рынкі збыту. А каб гэтыя рынкі з’явіліся, патрэбная канкурэнтназдольная прадукцыя. Што тычыцца польскіх гандляроў і Усходняй Польшчы, якая даволі вялікую частку мясцовых бюджэтаў фармавала за кошт пакупнікоў з Беларусі , то гэта вельмі моцна ўдарыць па польскай эканоміцы.
З 14 красавіка ў Беларусі ўступілі ў сілу новыя правілы перамяшчэння праз мяжу тавараў для асабістага карыстання. Абмежаванне тычыцца тых, хто перасякае мяжу часцей за 1 раз у тры месяцы. Такія асобы могуць перавезці тавараў да 300 еўра і да 20 кіліграмаў вагі. Мытнікі аргументуюць новыя абмежаванні тым, што за апошні час павялічылася колькасць тавару, які беларусы ўвозяць з-за мяжы ў камерцыйных мэтах, але мытныя пошліны не плацяць.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя