Хто не пускае ў Еўропу беларускія тавары?
Эканаміст Віктар Цярэшчанка разважае пра тое, як беларускім таварам можна “зачапіцца” за еўрапейскія рынкі.
Не так даўно беларускі кіраўнік паскардзіўся, што “Еўропа па-ранейшаму не дае хаду шэрагу беларускіх вырабаў” і запатрабаваў “зачапіцца” за еўрапейскія рынкі.
Віктар Цярэшчанка: Добра ведаючы эканоміку еўрапейскіх краін, можна сказаць, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў (асабліва са стварэннем Еўразвяза) мы насамрэч бачым абарону еўрапейскага рынка ад знешняга імпарта. Яны робяць усё, каб было станоўчае сальда знешняга гандлю. Але і беларускія тавары не паказалі сябе сертыфікаванымі і канкурэнтнымі (з улікам кошту) на гэтым рынку. Мы сёння на пальцах адной рукі не назавём нават пяць пазіцый па таварах, якія могуць скласці канкурэнцыю заходнім аналагам. Пра нафтапрадукты я не кажу… Таму, нягледзчы на тое, што Еўропа абараняе свой рынак, патрапіць туды пры жаданні можна. Чаму кітайскія тавары туды праходзяць нармальна? У першую чаргу, таму што танныя. Па-другое, улічваецца якасць асартымента. Калі гэтага няма, то пра еўрапейскія рынкі не варта нават і марыць.
РР: Тады што ў першую чаргу трэба зрабіць, каб на гэты рынак патрапіць?
Віктар Цярэшчанка: Каб беларускія тавары сталі канкурэнтнымі ў Еўропе, трэба ў першую чаргу звярнуць увагу на іх сертыфікацыю. Неабходна праводзіць добры маркетынг з улікам дасканалага вывучэння рынка Еўразвяза, попыта на тавары… Трэба рабіць такую прадукцыю, якую дакладна будуць купляць. А мы спачатку робім нешта, а ўжо пасля стараемся прадаць. У Беларусі пытанням маркетынга наогул не надаецца дастатковая ўвага. Сюды ж уваходзіць і рэклама, а ў гэтай вобласці таксама – белыя плямы. Таму па большасці пазіцыях мы гандлюем, прымяняючы дэмпінг, а гэта не дае эфекту для беларускіх вытворцаў прадукцыі. Дэмпінг не азначае, што мы атрымалі прыбытак. Таму сёння не варта кагосьці абвінавачваць у тым, што, маўляў, не пускаюць на рынкі, а трэба пачынаць працаваць над сабой і сваёй эканомікай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя