Хто палохае замежных інвестараў?
Ці павінен бізнес у Беларусі быць менш палітызаваным? Хто дае замежным інвестарам “няправільныя сігналы”? Аб гэтым распавядае эканаміст Леў Марголін.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў у інтэрв’ю эстонскай газеце “Дзелавыя ведамасці” заявіў, што, чым менш палітыкі будзе накручвацца на бізнес, тым больш прадпрымальнікаў захочуць выйсці на беларускі рынак.
“На жаль, калі палітыкі даюць няправільныя сігналы, альбо калі мы чуем толькі тую інфармацыю, якую хочуць данесці да нас, то бізнесменаў гэта палохае”, – лічыць Гур’янаў.
Леў Марголін: Перш-наперш трэба сказаць, што сігналы дасылаюць не палітыкі, а дыпламаты. Менавіта яны павінны даваць інфармацыю сваім бізнесоўцам з нагоды таго, можна ісці на беларускі рынак, альбо не, і якія пры гэтым ёсць рызыкі. У нармальных краінах улады стараюцца зрабіць так, каб дыпламатам не было да чаго дачапіцца. Тым больш, у сёняшнім стане інфармацыйнай прасторы нельга нешта прыхаваць. І калі робіцца спроба адабраць чужы бізнес, калі замежны бізнесовец не можа знайсці абарону ў судзе, то што ні кажы, а вынік адзін. Такі бізнесмен ужо ніколі не пойдзе працаваць на беларускі рынак. А можа беларускія ўлады хочуць, каб замежныя дыпламаты прыхарошвалі рэчаіснасць? Дык вось не будуць яны гэтага рабіць, бо ім гэта непатрэбна.
РР: А ўвогуле, ці цікавы сёння беларускі рынак для заходніх бізнесменаў?
Леў Марголін: Кожны бізнесмен у першую чаргу думае аб тым, як захаваць тое, што мае. І ўжо ў другую чаргу думае, як нешта зарабіць. З гэтага пункту гледжання беларускі рынак не самы прывабны, бо ёсць пагрозы, што можаш страціць тое, што маеш. Вось калі ў нас будуць створаны абставіны, што нічога бізнесоўцам пагражаць не будзе, тады знойдуцца тыя, каго задаволіць і наша падатковая сістэма і іншае. Галоўнае, каб бізнес мог абараніць тое, што мае, тое, што ўкладае ў гэтую краіну. Гэтага на сённяшні дзень няма, як не лакіруй рэчаіснасць. Усе ведаюць, што адбывалася з “Камунаркай”, са “Спартаком” і некаторымі іншымі прадпрыемствамі. І адбітак гэтага сказваецца на актыўнасці інвестараў.
РР: Але ж беларускія чыноўнікі нярэдка кажуць, што, калі замежныя інвестары будуць паводзіць сябе прыстойна, то і да іх будзе адпаведнае стаўленне.
Леў Марголін: Разуменне таго, што азначае “сумленна працаваць”, напэўна, трохі адрозніваецца ў прадстаўнікоў улады і бізнесменаў. А трэба, каб яны былі аднолькавыя. Каб канкрэтна былі агучаны інвестыцыйныя патрабаванні. Вось правілы – першае, другое, трэцяе, якія я павінен выконваць. А то камусьці ізноў захочацца ўвесці “залатыя акцыі”, ці права дзяржавы адмяняць рашэнні акцыянерных таварыстваў, нават калі там няма ніякага дзяржаўнага ўдзелу… Таму зараз словы чынавенства вельмі адрозніваюцца ад таго, як сітуацыю разумеюць замежныя інвестары.
РР: Але ж ёсць інвестары. Той жа эстонскі бізнес працуе на беларускім рынку ўжо даўно. Ці не так?
Леў Марголін: Шмат хто працуе ўдала і даўно. Але яны працуюць на сваю рызыку. Ніхто ж не ведае, што адбудзецца з гэтым эстонскім бізнесам заўтра. Ёсць прыклады станоўчыя, а ёсць і адмоўныя. І кожны сам вырашае – рызыкаваць яму ці не.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя