Хто ставіць палкі ў колы беларускім ІП-эшнікам?
Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае пра тое, чаму ў Беларусі гандляры з Азіі маюць перавагу перад беларускімі прадпрымальнікамі.
Вячаслаў Піліпук: Зараз прадпрымальнікам працуецца больш-менш нармальна, таму што праверак няма. Што дабівае ІП-эшнікаў, дык гэта нізкая пакупальніцкая здольнасць насельніцтва. Хаця нават з гэтай сітуацыяй можна было б спраўляцца, калі б арэндатары зніжалі кошты арэнднай платы. Праўда, у нас буйны бізнес не заўсёды ідзе насустрач. Але з’явілася і яшчэ адна праблема – канкурэнты з Узбекістана, Таджыкістана… Азіяцкія гандляры сталі “захопліваць” не толькі сталіцу , але абласныя і раённыя цэнтры. Прынцып іх працы просты – здымаюць на нейкі дзень якое-небудзь памяшканне і ладзяць там выстаўкі-кірмашы, дзе прадаюць тавары па нізкіх цэнах і адцягваюць на сябе пакупнікоў.
РР: Але ж канкурэнцыя – гэта добра…
Вячаслаў Піліпук: Няхай бы канкурыравалі, калі б не адна акалічнасць – у тых гандляроў няма на тавар дакументаў, якія патрабуюць ад беларускіх ІП-эшнікаў. Часам у людзей нават няма касавага апарата. Атрымліваецца, што нашы гандляры, якія прадаюць тавары лёгкай прамысловасці, аказваюцца не ў роўных умовах з азіяцкімі. І вось з гэтай нагоды ў нас узнікае вельмі шмат пытанняў. Як такое можа адбывацца ў краіне, дзе ўсё зарэгулявана і высокі кантроль з боку розных дзяржаўных інспекцый?
РР: Дзяржаўныя службы робяць выгляд, што нічога не бачаць?
Вячаслаў Піліпук: Так атрымліваецца, хаця мы б’ем у званы ўжо даўно. І гэта ж адбываецца не на нейкіх падпольных рынках, а, напрыклад, у сталічным Доме культуры трактарнага завода, Палацы мастацтваў… Нам незразумела, чаму да беларускіх прадпрымальнікаў у нашых кантралюючых органаў адно стаўленне, а да азіяцкіх гандляроў – зусім іншае. Можа з гэтага нехта нешта мае?.. Зрэшты, тут можна рабіць толькі здагадкі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя