Хто “тармозіць” дэкрэт для бізнеса?
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў, чаму дэкрэт аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнеса па-ранейшаму не могуць узгадніць.
Віктар Маргелаў: На гэтым тыдні дырэктар Дэпартамента прадпрымальніцтва казаў, што дакумент пакуль “адшліфоўваюць” юрысты з Адміністрацыі прэзідэнта і Савета Міністраў. Мы не думаем, што пасля гэтага дэкрэт моцна зменіцца, але ўсё роўна ёсць некалькі падводных камянёў. Вядома, што прадпрымальнікі на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай ідывідуальна хочуць наведацца да кіраўніка Адміністрацыі і паведаміць, што “згубіўся” ў дэкрэце іх пункт, якія рабіў бы прасцейшай працу ІП-эшнікаў. Таму маецца небяспека, што дакумент могуць вярнуць на дапрацоўку. Але, як мне падаецца, усё ў адным дакуменце ўсё роўна ніколі не ўлічаш.
РР: Адным словам, пакуль немагчыма казаць пра тэрміны падпісання дакумента, якога чакае бізнес?
Віктар Маргелаў: Мяркую, што поўная вызначанасць будзе ўжо на наступным тыдні. У любым выпадку ніхто не дазволіць юрыстам “шліфаваць” дэкрэт тыднямі. Але, магчыма, ідуць і яшчэ нейкія паралельныя працэсы, якія тармозяць справу. Не выключана, што гэта звязана з занятасцю беларускага кіраўніка.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя