Хутчэй за астатніх цэны растуць на Віцебшчыне
Віцебская вобласць аказалася лідарам па росце цэн на прадукты харчавання, алкаголь, безалкагольныя напоі і тытунёвыя вырабы ў лістападзе 2018 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Гэты паказчык у рэгіёне склаў 1,49%. У тройцы лідараў таксама Менск (1,38%) і Гарадзенская вобласць (1,35%). Далей Менская вобласць (1,18%), Гомельская (1,17%), Магілёўская (0,97%) і Берасцейская (0,96%). У кастрычніку цяперашні аўтсайдар заняў першае месца па росце цэн.
У цэлым па краіне прадукты харчавання, алкаголь і тытунь падаражэлі за лістапад на 1,24%.
Кошт нехарчовых тавараў, як і ў кастрычніку, хутчэй за ўсё рос у Менску (0,15%). Ніжэйшы гэты паказчык быў у Гомельскай (0,09%), Віцебскай (0,06%) і Берасцейскай (0,04%) абласцях. У Гарадзенскай вобласці цэны зменшыліся на 0,12%, у Менскай — на 0,13%, Магілёўскай — на 0,18%, у сярэднім па краіне — павялічыліся на 0,02%.
Тарыфы на паслугі ў цэлым знізіліся на 0,04%. У Гарадзенскай вобласці яны зменшыліся на 0,41%, у Гомельскай і Магілёўскай — на 0,10%, у Берасцейскай вобласці і Менску — на 0,07%. У Віцебскай вобласці тарыфы ўзраслі на 0,18%, у Менскай — на 0,24%.
За 11 месяцаў 2018 года прадукты харчавання, алкагольныя і безалкагольныя напоі, тытунёвыя вырабы ў цэлым па краіне падаражэлі на 4,45%. Ніжэйшы за сярэдні гэты паказчык у Гомельскай вобласці (3,39%), Менску (3,97%) і Віцебскай вобласці (4,36%), вышэйшы — у Магілёўскай вобласці (4,52%), Менскай (4,94%), Гарадзенскай (5,14%) і Берасцейскай (5,38%).
Цэны на нехарчовыя тавары павялічыліся ў сярэднім на 3,91%. У лідарах — Менск (4,80%) і Гомельская вобласць (4,14%). Далей Гарадзенская вобласць (3,66%), Магілёўская (3,53%), Віцебская (3,48%), Берасцейская (3,34%) і Менская (3,28%).
Тарыфы на паслугі насельніцтву ўзраслі з пачатку года на 6,83%. Вышэйшы за сярэдні гэты паказчык у Менску (7,01%), Віцебскай вобласці (6,97%), Менскай (6,95%) і Гомельскай (6,92%), ніжэйшы — у Гарадзенскай (6,80%), Берасцейскай (6,74%) і Магілёўскай (6,25%).
Агульны рост спажывецкіх цэн за 11 месяцаў 2018 года склаў 4,82%, за лістапад — 0,56%.